Вынікі маніторынгавага дасьледаваньня паказалі, што ў Кіеве, паводле словаў вучняў, 24% настаўнікаў на занятках і 40% на перапынках парушаюць моўны закон — карыстаюцца недзяржаўнай мовай. Сярэдні паказьнік ва Ўкраіне складае 14% і 21% адпаведна.
У апытаньні выявілася, што і самыя вучні парушаюць моўны закон — 66% гавораць па-расейску на занятках, 82% — на перапынках (ва Ўкраіне ў цэлым гэтыя лічбы істотна адрозьніваюцца: на занятках — 40%, на перапынках — 52%).
«Кіеў можна аднесьці да найбольш зрасейшчаных рэгіёнаў Украіны. Усе паказьнікі ніжэйшыя, чым у сярэднім у краіне. Маладое пакаленьне карыстаецца расейскай мовай нават часьцей, чым іхныя бацькі. Гэта сьведчыць пра сур’ёзны ўплыў краіны-агрэсара. Праз Інтэрнэт расейскія сацыяльныя сеткі ўплываюць на нашых дзяцей, фармуючы іх моўныя звычкі», — адзначыў Сяргей Сіраценка, камэнтуючы вынікі дасьледаваньня.
У інтэрвію РБК-Украіна у верасьні 2025 году Ўпаўнаважаная ў абароне дзяржаўнай мовы Алена Іваноўская заявіла, што частка грамадзтва паступова вяртаецца да расейскай мовы, і гэта, на яе думку, небясьпечная тэндэнцыя.
Згодна з апытаньнем фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы імя Ілька Кучарыва» разам з сацыялягічнай службай Цэнтру Разумкова, апублікаваным у студзені, 78% рэспандэнтаў назвалі ўкраінскую мову роднай, дзесяць гадоў таму было 60%. Доля тых, хто назваў роднай мовай расейскую, складае 6% — дзесяць гадоў таму яна была значна вышэйшая: 15%.
Апытаньне праводзілі з 29 лістапада па 14 сьнежня 2024 году сярод 1518 рэспандэнтаў, якія жывуць на тэрыторыях пад кантролем ураду Ўкраіны, дзе няма баявых дзеяньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тарнада зьнішчыў у Бразыліі амаль цэлы горад