У размове са Свабодай спадар Лябедзька так патлумачыў гэтую ініцыятыву:
«У сытуацыі крызісу адказная ўлада першае, што робіць, — зацягвае паясы на самой сабе. Так, прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце ў 2011 годзе ўрэзала свой заробак напалову.
А ў Беларусі такое адчуваньне, што чыноўнікі не адчуваюць крызісу. Яны заплянавалі на 2015 год будаўніцтва элітнай спэцпаліклінікі для чыноўнікаў у Ждановічах коштам 100 мільёнаў эўра. Прычым гэтую суму можна сьмела падвойваць, бо 100 мільёнаў — гэта кошт толькі самога аб’екта, без абсталяваньня.
Таму ў звароце ў Савет міністраў мы прапануем замарозіць гэтае будаўніцтва. А на гэтыя грошы пабудаваць чатыры тыповыя паліклінікі альбо набыць абсталяваньне для мэдычных установаў аднаго з абласных цэнтраў».
Актывісты АГП тым часам пачалі зьбіраць подпісы жыхароў Беларусі пад гэтым зваротам, — кажа прэсавы сакратар АГП Ганна Красуліна:
«Гэтая пэтыцыя існуе ў дзьвюх формах — электроннай і папяровай. І кожны ахвотны можа да яе далучыцца. Пакуль найбольш галасоў мы зьбіраем у Салігорску, дзе асабліва не хапае лячэбных установаў».