Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцьці, што да магчымага візыту Аляксандра Лукашэнкі да папы рымскага ў верасьні, растлумачыў: «У практыцы Сьвятога пасаду не прынятыя аўдыенцыі ў папы палітычных лідэраў напярэдадні маючых адбыцца ў іх краіне выбараў. У сувязі з гэтым прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка не зьвяртаўся з просьбай аб падобнай аўдыенцыі ў бліжэйшы час, каб нікога ня ставіць у няёмкае становішча».
Вызваленьне палітзьняволеных і магчымы візт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан — ня злучаныя паміж сабой рэчы, заявіў БелаПАН апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцьці.
«Папа прыняў асабісты ўдзел у гэтым працэсе. Мы гэтым ганарымся, паколькі гэта садзейнічала паляпшэньню міжнародных адносін, а таксама ўмацаваньню міру і гармоніі ўнутры краіны. Я рады, што беларускае грамадзтва ацаніла гэтыя дзеяньні папы», — адзначыў прадстаўнік Сьвятога пасаду.
У пачатку ліпеня былы міністар замежных спраў Славаччыны палітычны аналітык Павал Дэмеш паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода пра магчымы візыт Лукашэнкі ў Ватыкан. Ён таксама прагназаваў, што перад гэтай паездкай Лукашэнка можа вызваліць Мікалая Статкевіча. «Я схільны думаць, што Лукашэнка выпусціць яго перад сваёй паездкай да папы рымскага ў верасьні гэтага году або адразу пасьля яе», — заявіў тады экс-дыплямат.
Пра гатоўнасьць Ватыкана прыняць Лукашэнка заяўляў кардынал П’етра Паролін падчас прыезду ў Менск сёлета ў сакавіку. Паводле ягоных словаў, магчымасьць арганізацыі такога візыту абмяркоўвалася падчас яго сустрэч з прадстаўнікамі беларускіх дзяржорганаў.