Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяпер паўстае іншае пытаньне — што рабіць далей», — Турарбекава пра тэзіс Мацкевіча пра працу над памылкамі


Палітоляг і гісторык Роза Турарбекава. Архіўнае фота.
Палітоляг і гісторык Роза Турарбекава. Архіўнае фота.

Гісторык і палітоляг Роза Турарбекава ў выніковым «ПіКу Свабоды» пракамэнтавала, чаму не адбываецца чаканае вызваленьне чарговай групы палітвязьняў, а таксама адрэагавала на інтэрвію былога палітвязьня, мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча Свабодзе, дзе ён аналізаваў зробленыя ў 2020 годзе памылкі.

— На гэтым тыдні многія чакалі, спадзяваліся на вызваленьне чарговай групы палітвязьняў, але гэтага не адбылося. Чаму? Што можа адбывацца ў закрытым перамоўным працэсе паміж уладамі Беларусі і Прадстаўнікамі прэзыдэнта Трампа? Наколькі гэта можа быць зьвязана зь няўдалымі спробамі арганізаваць сустрэчу Трампа і Пуціна ў Будапэшце?

— Перамоўны трэк адносна вызваленьня палітвязьняў зьяўляецца дадатковым да асноўнага трэку — пытаньня бясьпекі. І калі гэты асноўны трэк бясьпекі не дае вынікаў, або, скажам, узьнікае пэўнае расчараваньне па гэтым кірунку, то і другасны, дадатковы трэк адпаведна можа пакутаваць. Таму ў гэтай сувязі можна выказаць здагадку, што гэта часткова залежыць і ад чалавека, які адказвае за пытаньні бясьпекі, і ад таго, што сустрэча ў Будапэшце так і не адбылася.

— На гэтым тыдні ў нашым эфіры былы палітвязень філёзаф, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч казаў пра працу над памылкамі, аналізаваў, што было зроблена ня так. Ці была зробленая праца над памылкамі, ці можна не дапусьціць новых памылак?

— Ня ведаю, ці была зробленая праца над памылкамі, але Ўладзімір Мацкевіч — не адзіны чалавек, які падымае гэтае пытаньне. І я вельмі добра разумею яго намер, бо ў мяне былі падобныя думкі, калі я выехала з Беларусі ў 2022 годзе. Нарэшце я атрымала магчымасьць гаварыць публічна, і тады я ўжо казала пра гэта — што ў нас не было пляна, або не было «пляна Б».

Мне хацелася зразумець, у якім менавіта моманце мы прайшлі міма той разьвілкі, якую не павінны былі прапусьціць. І я для сябе, прынамсі, на гэтае пытаньне адказала — я гаварыла і пра сваю асабістую адказнасьць: што я не ўбачыла, што павінна было адбыцца, або чаго я не зрабіла. Таму я вельмі добра разумею і падзяляю яго намер.

Ці зрабілі такую ж працу ўсе астатнія — мне сказаць цяжка, бо гэта, напэўна, трэба пытацца ў іх. Калісьці ставілася пытаньне, наколькі рашучай або нерашучай была Сьвятлана Ціханоўская. Ці ставіліся падобныя пытаньні штабу Бабарыкі — я ня ведаю. Але я памятаю, што пытаньні гучалі адносна таго, на што ўвогуле быў разьлік пасьля таго, як людзі выйдуць на вуліцу. Які быў плян? І адказ, наколькі я памятаю, быў даволі расплывісты.

Але справа ў тым, што час ідзе, і мы ўжо цяпер у тым пункце, калі гэта, мабыць, для многіх страціла актуальнасьць. Цяпер паўстае іншае пытаньне — што рабіць далей. І я разумею, што трэба працаваць над памылкамі, але галоўнае — як высновы з гэтай працы могуць дапамагчы нам зараз.

Я разумею намер Уладзіміра Мацкевіча, які кажа, што мы не павінны перакладаць віну адзін на аднаго. І я бачу, што палітвязьні, якія выйшлі на волю, назіраюць за нашымі спрэчкамі ў дэмакратычнай супольнасьці з горыччу і заклікаюць да адзінства. Але праблема ў тым, што дэмакратычная супольнасьць у выгнаньні ўжо прайшла этап, калі сфармаваліся асобныя палітычныя групы, інтарэсы і розьніцы ў іх праграмах.

Таму цяпер проста заклікаць «перастаць спрачацца» — гэта ўжо бессэнсоўна. Магчыма, людзі з вялікім маральным аўтарытэтам — як Уладзімір Мацкевіч, Мікалай Дзядок і іншыя, хто нядаўна выйшаў на волю, — змогуць дапамагчы нам знайсьці агульную мову і кропкі судакрананьня.

Што да пытаньня вызваленьня палітвязьняў, дык я не думаю, што прэмія Сахарава Анджэю Пачобуту можа зараз гэта паскорыць. Алесь Беляцкі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, па-ранейшаму за кратамі. Верагодна, вызваленьне палітвязьняў залежыць ад таго кампрамісу, які можа быць дасягнуты паміж Лукашэнкам і адміністрацыяй Дональда Трампа. Мы ня ведаем, у чым заключаецца гэты кампраміс, але, магчыма, хутка ўбачым.

Я вельмі спадзяюся, што мы ўсё ж такі ўбачым вызваленьне палітвязьняў. Да нядаўняга часу ўсё паказвала, што гэта можа адбыцца. Магчыма, цяпер не самы спрыяльны момант, але спадзяюся, што ён хутка пройдзе, і лёгіка перамоўнага працэсу возьме верх. Бо, наколькі я разумею, надзея на гэта была цалкам абгрунтаванай. Спадзяюся, гэтыя падставы не зьніклі і праз некаторы час зноў зьявяцца.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG