Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Нядаўна ў інтэрвію Эўрарадыё вы выказалі прапанову стварыць варыянт беларускай расейскай мовы, каб зблізіць яе зь беларускай — «увесьці ў беларускую расейскую мову» прынцып «як чуецца, так і пішацца», і гэта мова пачне паціху збліжацца спачатку з трасянкай, а потым і з больш-менш нармаванай беларускай мовай». Гэтая ідэя выклікала розгалас у сацсетках, у тым ліку было шмат крытыкі. Патлумачце, які патэнцыял вы бачыце ў гэтай прапанове.
— Гэта была прахадная, факультатыўная рэпліка пра мову, у інтэрвію былі значна больш істотныя тэзісы, але чамусьці людзі зачапіліся за мову. Сувэрэнітэтам трэба карыстацца. І расейцы сёньня не разумеюць гэтай простай рэчы, калі яны насаджаюць і патрабуюць ад некаторых незалежных дзяржаваў прызнаць расейскую мову дзяржаўнай. Яны такім чынам аддаюць сувэрэнітэт над моваю гэтым дзяржавам. А калі мы атрымалі гэты сувэрэнітэт, мы можам з гэтым і рабіць, што самі вырашым. Чаму мы не карыстаемся гэтым? Уявіце, што ідзе чыгунка праз усю Беларусь, па нашай тэрыторыі, стаяць нашы вакзалы, нашы цягнікі і так далей. На цягніках жа езьдзяць і замежнікі. Але чыгунка наша. Раз гэта наша, давайце думаць, якую карысьць можам атрымаць. Я лічу, што мы можам атрымаць з гэтага карысьць. А ўжо як? Што скажуць нашы акадэмікі, лінгвісты, Вінцук Вячорка? Што нам рабіць з гэтаю расейскай моваю, якую мы раптам набылі ў сваю маёмасьць? Ім відней, я не філёляг.
— Пасьля падзеяў 20-га году некаторыя інтэлектуалы казалі пра тое, што беларуская нацыя дафармавалася? Як вы гэта бачыце? Якія асноўныя маркеры яднаюць беларусаў у палітычную нацыю ў 2025 годзе?
— Я таксама думаю, што беларуская нацыя сфармавалася. Але ёсьць стары філязофскі прынцып, яшчэ з Сакрата вядомы — пазнай самога сябе. Гэта тычыцца і чалавечых супольнасьцяў, ня толькі адной асобы, але і нацыі ў тым ліку. Так, сёньня мы паўнавартасная нацыя, але ж мы ня ведаем саміх сябе. Шмат я чую ў людзей фантастычных, мройных варыянтаў таго, у якім стане сёньня знаходзіцца нацыя Беларусь. І нават пра гісторыю мройныя ўяўленьні. А пра будучыню ўжо і казаць не прыходзіцца. Мы ўжо сталі нацыяй. Давайце зараз паглядзім на сябе, узважым усё. Якая мы нацыя? Можа быць, яшчэ ня вельмі дарослая, ці мы яшчэ не вызначыліся з тым, што значыць быць паўнавартаснай эўрапейскай нацыяй.
Мы паказалі сябе ў 2020-м годзе. Мы самі сябе ўбачылі ў люстэрку тых падзеяў, адлюстраваньні таго, як гэта бачылі эўрапейцы, расейцы, украінцы і так далей. Так, мы не ідэальная нацыя. Ідэальных нацыяў не бывае, як не бывае ідэальных людзей. Мы такія, якія ёсьць. І давайце сыходзіць з гэтага. Мы — сучасная нацыя 21-га стагодзьдзя, мы нават у чымсьці апярэджваем шмат якія суседнія нацыі. Мы гатовыя да пэўных учынкаў і дзеяньняў як нацыя і не гатовыя да іншых.
Траўматычны гістарычны вопыт, досьвед папярэдніх войнаў, ціск на нас немагчыма не ўлічваць, але ж мы можам штосьці, чаго ня могуць іншыя народы. І ўсё гэта трэба ўзважыць — і добрыя бакі нашай сталасьці як нацыі, і нашы хібы, і дрэнныя бакі, толькі тады мы можам зноў жа атрымаць шанец на кампраміс, каб хоць на кароткі час зрабіць супольныя намаганьні, каб мы маглі вярнуцца ў Беларусь.
Калі зацягнецца эміграцыя, то дзеці, якія тут вырастуць, нават дарослыя, якія тут асымілююцца — гэта будзе згублены патэнцыял для Беларусі. Выехаў мільён беларусаў, гэта велізарны патэнцыял. Я ўсё ж выкарыстаю гэта слова, хоць тут могуць быць і сумненьні, і яно не зусім слушнае. Выехала найлепшая частка беларусаў. Найбольш актыўная, найбольш сучасная, найбольш кваліфікаваная частка. Няўжо мы пакінем нашу родную Беларусь бяз гэтага рэсурсу, які сёньня выкінуты за межы Беларусі. Таму наша сёньня нацыянальная ідэя — гэта вяртацца. Вяртацца ня ў турму, вяртацца не ў гэтую сытуацыю ў краіне, якая сама апынулася велізарнай турмой на ўсім абшары. Вяртацца, каб, ураўнаважыць гэтую сытуацыю і працягнуць змаганьне за дэмакратызацыю, беларусізацыю Беларусі ўжо там, дзе гэта магчыма рабіць.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Форум