Як паведаміла старшыні ЦВК Лідзія Ярмошына, на імя ЦВК паступіла запрашэньне на яе асабіста і кагосьці зь сябраў камісіі. Аднак Ярмошына сказала, што яна ў гэты час, хутчэй за ўсё, будзе занятая падрыхтоўкай да інаўгурацыі прэзыдэнта Беларусі і ня здолее паехаць ва Ўкраіну. Таму было вырашана, што паедуць Іпатаў і Каліноўскі.
На пытаньне Свабоды, ці паступала аналягічнае запрашэньне з так званых ЛНР і ДНР, Лідзія Ярмошына адказала адмоўна і дадала:
«Калі б нават гэта і здарылася, мы пасылаем назіральнікаў толькі ў тыя краіны, зь якімі Рэспубліка Беларусь мае афіцыйныя дыпляматычныя стасункі».