Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль і ХАМАС дасягнулі пагадненьня аб спыненьні агню і вызваленьні закладнікаў


Рэакцыя сваякоў ізраільскіх закладнікаў на навіну аб дасягненьні пагадненьня паміж Ізраілем і ХАМАС. Тэль-Авіў, 15 студзеня 2025
Рэакцыя сваякоў ізраільскіх закладнікаў на навіну аб дасягненьні пагадненьня паміж Ізраілем і ХАМАС. Тэль-Авіў, 15 студзеня 2025

Ізраіль і радыкальная групоўка ХАМАС заключылі пагадненьне аб часовым спыненьні агню і вызваленьні часткі ізраільскіх закладнікаў, захопленых пры нападзе 7 кастрычніка 2023 году.

Пра гэта абвясьціў на прэсавай канфэрэнцыі прэм’ер-міністар Катару Мухамад бін Абдулрахман аль-Тані.

Дасягненьне дамоўленасьці пацьвердзілі таксама ўлады Ізраілю і прадстаўнікі ХАМАС. Яна пачне дзейнічаць у нядзелю, 19 студзеня.

Ізраільскія СМІ прыводзяць умовы ўгоды. Паводле іх, ХАМАС вызваліць 33 ізраільскія закладнікі. Ізраіль у адказ абавязваецца вызваліць з турмаў зьняволеных, прызнаных вінаватымі ў супрацоўніцтве з ХАМАС і ў нападах на ізраільцян. У абмен на кожнага цывільнага закладніка ХАМАС атрымае 30 асуджаных, на кожнага вайскоўца — 50 асуджаных.

Пры гэтым не ўдакладняецца, колькі з закладнікаў, якіх вызваляюць, жывыя, а ў некалькіх выпадках размова ідзе аб перадачы целаў.

Як паведамляе 12-ы тэлеканал ізраільскай тэлевізіі, спачатку будуць вызваляць тых, хто застаўся ў жывых. Першых трох закладнікаў могуць адпусьціць ужо 19 студзеня. На сёмы дзень замірэньня, 26 студзеня, будуць вызваленыя яшчэ чацьвёра закладнікаў.

Затым ХАМАС павінен будзе вызваляць па тры закладнікі кожны тыдзень — на 14-ы, 21-ы, 28-ы і 35-ы дзень замірэньня. На апошнім тыдні будуць вызваленыя астатнія 14 закладнікаў са сьпісу.

Угода прадугледжвае спыненьне агню на шэсьць тыдняў, адпраўку ў сэктар Газа 600 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай і паступовы вывад ізраільскіх войскаў з сэктару.

Інфармацыю аб дасягнутым пагадненьні і хуткім вызваленьні закладнікаў пацьвердзіў і абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

«У нас ёсьць дамоўленасьць аб закладніках на Блізкім Усходзе. Яны будуць вызваленыя найбліжэйшым часам», — напісаў абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сацыяльнай сетцы Truth Social.

Дзейны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн прывітаў пагадненьне, адзначыўшы, што важную ролю ў яго дасягненьні адыграла амэрыканская дыпляматыя.

Пасьля атрыманьня паведамленьняў аб дамоўленасьці на вуліцы гораду Хан-Юніс у сэктары Газа выйшлі сотні людзей. Яны сьвяткуюць заключэньне пагадненьня. На вуліцах ізраільскіх гарадоў людзі таксама сьвяткуюць навіну пра хуткае вяртаньне часткі закладнікаў.

  • Вайна Ізраілю і ХАМАС пачалася 7 кастрычніка 2023 году з масаваных ракетных удараў узброеных груповак ХАМАС і «Ісламскі джыгад» з сэктару Газа, заходу баевікоў на тэрыторыю краіны і захопу закладнікаў. У адказ Ізраіль пачаў наносіць інтэнсіўныя авіяўдары па сэктары Газа, а позна ўвечары 27 кастрычніка зайшоў буйнымі сіламі на тэрыторыю паўночнай часткі сэктару.
  • У выніку вайны ў Ізраілі з 7 кастрычніка 2023 году загінулі 1200 чалавек, больш за 240 былі захопленыя баевікамі ХАМАС у якасьці закладнікаў.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам і «Хэзбалой». Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў. Аднак ужо неўзабаве гэты мірны плян правалілі.
  • 8 кастрычніка на пасярэдніцкіх перамовах у Эгіпце два бакі ў чарговы раз дамовіліся пра спыненьне агню. Гэта першая частка годы, распрацаванай адміністрацыяй прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG