Гэта першае спыненьне працы ўраду з часу папярэдняга — самага працяглага ў гісторыі. Амаль сем гадоў таму, падчас першай прэзыдэнцкай кадэнцыі Трампа, праца ўраду спынялася на 35 дзён. Цяпер так званы «шатдаўн» спыніць працу некалькіх фэдэральных ведамстваў і агенцтваў, гэта закране сотні тысяч дзяржаўных службоўцаў, піша AFP.
Дональд Трамп вінаваціў дэмакратаў у застоі і пагражаў пакараць партыю і яе выбарнікаў у гэты пэрыяд атакай на «прагрэсісцкія» прыярытэты і паскарэньнем масавых скарачэньняў працоўных месцаў у дзяржаўным сэктары.
Трамп дадаў, што «з закрыцьця працы ўраду можа выйсьці шмат добрага», і намякнуў, што выкарыстае паўзу, каб «пазбавіцца многіх рэчаў, якіх мы не хацелі, і гэта будуць дэмакратычныя рэчы».
Заведзены ў тупік Кангрэс рэгулярна сутыкаецца з праблемай узгадненьня плянаў выдаткаў, такія перамовы заўсёды напружаныя. Але Кангрэс звычайна ўнікае іх, што і прыводзіць да прыпыненьня працы ўраду.
Дэмакраты, якія складаюць меншасьць у абедзьвюх палатах Кангрэсу, імкнуцца пашырыць свой нязначны ўплыў на фэдэральны ўрад праз восем месяцаў пасьля пачатку другой прэзыдэнцкай кадэнцыі Трампа, цягам якіх былі зьліквідаваныя цэлыя дзяржаўныя ўстановы. Дэмакраты хацелі аднаўленьня выдаткаў на ахову здароўя на сотні мільярдаў даляраў, асабліва на праграму мэдычнага страхаваньня Obamacare для сем’яў зь нізкім даходам, якую адміністрацыя Трампа, падобна, зьліквідуе.
Пагроза Трампа скараціць наступныя працоўныя месцы дадала трывогі фэдэральным службоўцам. Раней сёлета ўжо адбыліся маштабныя звальненьні, арганізаваныя Дэпартамэнтам эфэктыўнасьці ўраду, які тады ачольваў магнат Ілан Маск.
З 1976 году, калі Кангрэс увёў сучасны бюджэтны працэс, фэдэральны ўрад прыпыняў працу 21 раз. Часам перапынкі ў працы доўжыліся ўсяго некалькі гадзін — ня так доўга, каб паўплываць на працу ўраду.
Самая працяглая паўза пачалася 22 сьнежня 2018 году, калі дэмакраты і Трамп апынуліся ў тупіку праз 5,7 мільярда даляраў, якіх прэзыдэнт патрабаваў на будаўніцтва памежнай сьцяны.
Каля 380 000 фэдэральных службоўцаў тады адправілі ў адпачынак, а яшчэ 420 000 працавалі без захаваньня заработнай платы.
Форум