Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі Зьвяз абвінаваціў Таджыкістан у невыкананьні ордэру на арышт Пуціна


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Эўрапейскі Зьвяз абвінаваціў Таджыкістан у парушэньні сваіх абавязаньняў паводле ордэру на арышт прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, які быў выдадзены Міжнародным крымінальным судом (МУС).

Пра гэта гаворыцца ў заяве Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў (EEAS), апублікаванай у пятніцу, 10 кастрычніка. Таджыкістан зьяўляецца дзяржавай-удзельніцай Рымскага статуту МУС, піша DW.

У ЭЗ нагадалі, што ордэр на арышт Пуціна быў выдадзены за міжнародныя злачынствы, у тым ліку за меркаваную незаконную дэпартацыю і прымусовае перамяшчэньне дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. У прэс-рэлізе Брусэль чарговы раз падкрэсьліў сваю падтрымку намаганьняў па прыцягненьні да адказнасьці ўсіх, хто ўчыніў злачынствы супраць міжнароднага права ў выніку агрэсіі Крамля супраць Украіны.

«У гэтым кантэксьце Эўрапейскі Зьвяз працягвае падтрымліваць расьсьледаваньні, якія вядзе пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ва Ўкраіне, і заклікае ўсе дзяржавы да супрацоўніцтва», — адзначылі ў EEAS.

Напярэдадні візыту Пуціна ў Таджыкістан для ўдзелу ў саміце «Цэнтральная Азія — Расея» і на паседжаньні Савету кіраўнікоў дзяржаў СНД, міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заклікала ўлады Душанбэ адмовіць Пуціну ва ўезьдзе або арыштаваць яго па прыбыцьці.

МУС выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна ў сакавіку 2023 года. Прэзыдэнта РФ падазраюць у шэрагу міжнародных злачынстваў, у тым ліку меркаваныя дэпартацыю і выкраданьне дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны. Разам з ім ордэр на арышт выпісалі таксама на дзіцячага амбудсмэна Расеі Марыю Львову-Бялову.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG