Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі стала менш быкоў і сьвіней, сярод прычын — рэкордныя падзяжы


Фэрма ў Івейскім раёне. Архіўнае фота
Фэрма ў Івейскім раёне. Архіўнае фота

У справаздачы за верасень 2025 году Белстат паказаў, як у Беларусі паступова скарачаецца колькасьць буйной рагатай жывёлы і сьвіней.

Як інфармаваў Белстат, за першыя тры кварталы 2025 году «ў гаспадарках усіх катэгорыяў» узгадавана жывёлы і птушкі ў жывой вазе 1359,1 тысячы тон.

Год таму, падсумоўваючы тры кварталы 2024 году, Белстат паведамляў, што «у гаспадарках усіх катэгорыяў атрымана жывёлы і птушкі ў жывой вазе 1374,4 тысячы тон».

Мінус за сёлетнія тры кварталы ў параўнаньні зь леташнімі склаў 15,3 тысячы тон, альбо 1,1%.

У Беларусі пáдае колькасьць буйной рагатай жывёлы і сьвіней. Год назад налічвалася 4,1 млн. галоваў буйной рагатай жывёлы і 2,2 мільёна сьвіней. Праз год, за студзень –верасень 2025 году, у Беларусі налічваецца 3,9 млн. галоваў буйной рагатай жывёлы і 2 мільёны сьвіней. Кароваў, паводле афіцыйных зьвестак, не паменела — 1,4 млн галоў.

Лукашэнка заявіў пра рэкордны падзеж жывёлы

Падзеж жывёлы стаўся адным з галоўных кірункаў працы праваахоўных органаў Беларусі. Часта кіраўніцтва гаспадарак яго ўтойвае. Пракуратура рэгулярна інфармуе пра крымінальныя справы, заведзеныя з гэтай прычыны.

Так, паводле зьвестак на сярэдзіну жніўня 2025 году, толькі ў Берасьцейскай вобласьці органы пракуратуры накіравалі ў суды 17 пазоваў, выкліканых падзяжом і недастачай жывёлы.

З пачатку году да канца ліпеня камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласьці перадаў у пракуратуру 72 матэрыялы за нядбайнае абыходжаньне з жывёламі, 71 пратакол накіравалі ў адміністрацыйныя камісіі. Толькі адміністрацыйна зь вінаватых спагналі 435 тысяч рублёў.

«Пра што кажа статыстыка? Падзеж жывёлы дасягнуў гістарычнага максымуму... Да чаго дайшлі. Раённыя вэтэрынары замест таго, каб лячыць, абмяркоўваюць, як схаваць гэты падзеж. Даходзіць да жаху. Гэта кашмар», — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў траўні 2025 году на паседжаньні ўраду і папрасіў інфармаваць, колькі чалавек пасадзілі за падзеж цялят.

Суды караюць за падзеж скаціны і за яго ўтойваньне. Так, у Чэрвеньскім раёне за ўтойваньне падзяжу 300 галоваў жывёлы прызналі вінаватымі шэсьць супрацоўнікаў прадпрыемства, былы дырэктар атрымаў 5 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады.

У Клімавіцкім раёне кіраўнік малочна-таварнай фэрмы атрымаў 1 год папраўчых працаў за ўтойваньне падзяжу, галоўны заатэхнік гаспадаркі ў Капыльскім раёне атрымаў 2 гады пазбаўленьня волі за ўтойваньне падзяжу 237 галоваў буйной рагатай жывёлы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG