У Гомлі за «садзейнічаньне экстрэмізму» асудзілі прадпрымальніка
Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што ў Гомельскім абласным судзе асудзілі 37-гадовага прадпрымальніка Дзьмітрыя Хальцова. Яму інкрымінавалі ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Як менавіта вынесьлі прысуд жыхару Гомля – невядома.
Дзьмітры – індывідуальны прадпрымальнік. У 2020 годзе ён тады набыў мэгафон, напісаў у мясцовым чаце прапанову сабрацца і выправіцца да аблвыканкаму. Тады людзі выклікалі на размову кіраўніцтва абласной улады.
Асудзілі ратаўніка з Чэрвеньскага раёну
42‑гадовага Ігара Бродку асудзілі паводле двух артыкулаў — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэксу) і «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Яго адправілі ў калёнію, піша «Наша Ніва».
Бродка паходзіць зь Сьмілавічаў (Чэрвеньскі раён), доўгі час жыў у Віцебску. Разам з былой жонкай мае непаўналетняе дзіця.
Ігар шмат гадоў працаваў ратаўніком. Пасьля быў кіроўцам, займаўся перавозкамі, працаваў на таксоўцы. Бродка зьнік з сацыяльных сетак і мэсэнджараў пасьля лютага 2025 году.
Пракуратура накіравала ў суд завочную справу супраць экс-каліноўца Шабуцкага
Генэральная пракуратура паведаміла, што справу супраць былога добраахвотніка палку Каліноўскага, блогера, былога сябра Каардынацыйнай рады Максіма Шабуцкага перадалі ў суд. Яго зьбіраюцца судзіць завочна.
Яму выставілі абвінавачаньні паводле 18 артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ад «масавых беспарадкаў» і «паклёпу» да «стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня» і «змовы дзеля захопу ўлады».
Шабуцкі далучыўся да палку Каліноўскага ў канцы 2022 году, пакінуў яго ў 2023-м.
У 2024 годзе яго абралі ў Каардынацыйную раду, але ў студзені 2025-га ён пакінуў яе «з асабістых прычынаў».
Да 2020 году Шабуцкі працаваў у структурах Міністэрства ўнутраных справаў.
Завочна асудзілі ўжо больш як 150 чалавек, якія цяпер за мяжой.
Аднаму з прымусова дэпартаваных зь Беларусі палітвязьняў прыйшла позва ў міліцыю
Былога палітвязьня, якога вызвалілі і прымусова вывезьлі з краіны, запрашаюць прыйсьці ў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю аддзелу ўнутраных спраў, піша «Вясна».
«У выпадку няяўкі без уважлівай прычыны Вы будзеце падвергнутыя прымусоваму прыводу», — пазначана там.
За «садзейнічаньне экстрэмізму» асудзілі галоўнага інжынэра будаўнічай кампаніі з Мазыра
У Гомельскім абласным судзе асудзілі 46-гадовага жыхара Мазыра Сяргея Кебца. Яго абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК) і асудзілі да пазбаўленьня волі. Які менавіта тэрміны прызначылі інжынэру — невядома, паведаміла «Гомельская Вясна».
Сяргей Кебец — жыхар Мазыра. Вядома, што ён працаваў галоўным інжынэрам ТАА «Інтэрмеа», якое займалася будаўніцтвам. Таксама Сяргей захапляўся сьпевамі пад гітару, вёў свой Youtube-канал, дзе выкладаў песьні ва ўласным выкананьні.
У «экстрэмісцкі» сьпіс дадалі 6 рэсурсаў
- «Каманда Латушкi і Рух “За Свабоду”» (Telegram);
- «Таварыства Беларускай Культуры ў Літве» (Facebook);
- «Беларусы DMV» (Telegram);
- «Моладзевы Наступ» (Instagram);
- «dzgolubeu» (Instagram).
- «lukashenko_za*l»** (стыкерпак);
Крыніца — «Вясна».
Форум