Як паведаміла мясцовае выданьне Тайлянду nationthailand.com, гэтае ўдакладненьне зьявілася пасьля таго, як брытанскае выданьне Daily Mail напісала, што беларуску заманілі ў Тайлянд пад ілжывай падставай перш, чым пераправіць празь мяжу ў М’янму, дзе яе нібыта прымусілі працаваць у цэнтры махлярства, а пазьней забілі дзеля яе органаў.
Прадстаўнікі Іміграцыйнага бюро Тайлянду паведамілі, што правялі дбайную праверку падарожных запісаў Веры празь біямэтрычную сыстэму.
Расьсьледаваньне паказала, што Вера Краўцова вылецела ў Тайлянд 12 верасьня, а пакінула краіну 20 верасьня 2025 году а 7:20 раніцы рэйсам TG301 авіякампаніі Thai Airways, які ляцеў у Янгон (Мʼянма).
Біямэтрычная сыстэма пацьвердзіла, што падарожніца была той самай асобай, бо яна прайшла праз аўтаматычны канал без неабходнасьці ўзаемадзеяньня з супрацоўнікамі паліцыі. Запісы з камэр відэаназіраньня таксама пацьвердзілі, што падчас адʼезду яна не падвяргалася ніякаму прымусу.
«Тое, што адбылося пасьля яе прыбыцьця ў Мʼянму, выходзіць за межы юрысдыкцыі Тайлянду», — адзначылі ў Іміграцыйным бюро.
Там удакладнілі, што відэазапісы ўезду і выезду беларускі перадалі консульству Беларусі ў Бангкоку.
Што папярэднічала
Аб зьнікненьні беларускай грамадзянкі стала вядома са словаў яе маці 4 кастрычніка.
16 кастрычніка ў МЗС Беларусі паведамілі, што пасольства Беларусі ў Віетнаме, адначасова акрэдытаванае ў суседняй М’янме, вядзе працу дзеля яе вышуку.
Дакладна высьветлілі, што зьніклая грамадзянка вылецела ў Янгон (М’янма) з Бангкоку (Тайлянд) 20 верасьня.
Да пошукаў далучылі замежнапалітычныя і сілавыя ведамствы дзьвюх краін, апараты ганаровых консульстваў Беларусі ў Янгоне і Бангкоку. Але дагэтуль няма афіцыйнай інфармацыі, якая б пацьвярджала гібель беларускі.
Вядома, што зьніклай 27 гадоў, яна мела досьвед у мадэльных здымках, у тым ліку ў Кітаі. Таксама яна брала ўдзел у шоў «Голас».
Далей сьляды беларускі губляюцца, іншая інфармацыя пра яе не пацьверджаная.
- Пры ўладзе ў М’янме з 1 лютага 2021 году знаходзіцца вайсковая хунта.
- Яна зрынула дэмакратычна абраную прэм’ер-міністарку Аўнг Сан Су Чы.
- У краіне разгарнуліся баі паміж войскам і паўстанцамі.
- М’янма ўваходзіць у лік найбольш небясьпечных і недэмакратычных краінаў сьвету.
Форум