Пакуль што адзіным аб’ектам, які Латвія пераняла зь меркаваньняў дзяржаўнай бясьпекі, зьяўляецца так званы Дом Масквы. Для гэтага ў студзені 2024 году Саэйма прыняла адмысловы закон, які прадугледжвае продаж аб’екту на аўкцыёне, а атрыманыя сродкі трэба накіраваць на падтрымку ўкраінскага грамадзтва, піша Delfi.
Увосень сёлета кампанія «Valsts nekustamie īpašumi» (VNĪ) правяла ўжо пяты аўкцыён па продажы Дому Масвы, але безвынікова. На пятым аўкцыёне пачатковая цана аб’екту была ўстаноўлена ў памеры 2,142 мільёна эўра.
Іншыя аб’екты — 16 расейскіх і 15 беларускіх — можна ўмоўна падзяліць на некалькі блёкаў: будынкі пасольстваў у Рызе, будынак консульства ў Дзьвінску (Daugavpils), санаторна-аздараўленчую ўстанову з падсобнымі памяшканьнямі ў Юрмале, будынкі ў цэнтры сталіцы, у Дзьвінску, асобныя кватэры ў Рызе, Юрмале.
Найбольш буйнымі аб’ектамі ёсьць санаторый «Янтарны бераг» у Яункемэры і санаторый «Беларусь» у Булдуры.
Вялікую каштоўнасьць маюць гістарычныя будынкі ў цэнтры Рыгі, у тым ліку на вуліцы Албэрта, якой захапляюцца аматары югенд-стылю. Беларусі належаць два аб’екты нерухомасьці ў Рызе — будынак пасольства на вуліцы Езусбазьніцас і вялікі асабняк у Міжпарку. Абодва аб’екты былі перададзены Беларусі ў 1990-х гадах. Асабняк па адрасе: вуліца Эрнста Бергманя, 7 — помнік культуры мясцовага значэньня.
Расеі належаць дамы 3 і 5 на гэтай вуліцы. А яшчэ расейскаму пасольству належыць дом па адрасе: вуліца Андрэя Пумпура, 1. Сам будынак пасольства разьмешчаны па адрасе: вуліца незалежнасьці Ўкраіны, 2.
Форум