Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не атрымаўшы аховы ад Літвы, Ціханоўская скасавала візыт на форум у Ерэване


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Як стала вядома інфармацыйнаму агенцтву BNS, пасьля таго, як Літва адхіліла просьбу каманды лідэркі беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай аб суправаджэньні хаця б адным супрацоўнікам службы бясьпекі на міжнародным мерапрыемстве ў сталіцы Армэніі Ерэване, палітык скасавала свой візыт, паведаміў у пятніцу партал 15min.lt.

«Так, магу пацьвердзіць, што нам давялося прыняць няпростае рашэньне скасаваць даўно заплянаваны першы візыт у Армэнію, прымеркаваны да пленарнага паседжаньня Euronest. Гэта зьвязана з рашэньнем спыніць прадастаўленьне асабістай аховы — Службы аховы кіраўніцтва — за мяжой», — сказаў парталу дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

Ён пацьвердзіў гэтыя словы і Радыё Свабода.

Паводле яго слоў, каманда прапанавала «аплаціць візыт аднаго супрацоўніка службы бясьпекі кіраўніцтва ў Армэнію». Ён таксама запэўніў, што ня будзе крытыкаваць рашэньне Літвы, і іх офіс удзячны прэзыдэнту, міністру замежных спраў і старшыні Сейму за іх дапамогу.

Форум Euronest пройдзе ў Армэніі. Гэта міжпарлямэнцкая асамблея Эўрапейскага парлямэнту і парлямэнтаў краін Усходняга партнэрства.

Як паведамляла агенцтва BNS, у кастрычніку літоўскія ўлады аб’явілі аб паніжэньні ўзроўню аховы Ціханоўскай і яе працоўных памяшканьняў. Згодна з заплянаванымі тады зьменамі, дом і офіс лідэркі беларускай апазыцыі засталіся пад аховай, але яна пазбавілася асабістай аховы ў Літве і за мяжой.

Гэтыя паведамленні зазналі крытыкі, бо сьцьвярджалася, што рашэньне носіць палітычны характар ва ўгоду тым, хто лічыць, што Ціханоўскай, якая прыбыла ў Літву ў 2020 годзе, надаецца занадта вялікае значэньне і на яе бясьпеку выдзяляецца занадта шмат рэсурсаў. Аднак пэўныя прыхільнікі паніжэньня ўзроўню аховы сьцьвярджалі, што ён быў зьменены ў сувязі з узроўнем пагрозы і што гэта было зьвязана з тэхнічнымі прычынамі.

Аднак пазьней было абвешчана, што, прынамсі, на дадзены момант ахова Ціханаўскай супрацоўнікамі Службы аховы кіраўніцтва ў Літве захаваецца, яе супрацоўнікі ахоўваюць Ціханаўскую з моманту яе прыбыцьця ў Літву ў 2020 годзе. Паводле інфармацыі 15min, лідэрка беларускай апазыцыі разглядае магчымасьць пераезду зь Літвы ў Польшчу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG