«Дыялёг — гэта важна. Глядзець у вочы адзін аднаму, разумець, што ў нас ёсьць тое самае — душа. Тады ўсё магчыма, калі ты адчуваеш, што паважаеш і любіш чалавека. Будучыня ў нашых руках і руках Божых», — працытавала пасланьніка папы дзяржаўнае агенцтва БелТА.
У публікацыі адзначаецца, што такім чынам Кляўдыё Гуджэроцьці выказаўся наконт «наяўных у Эўропе і сьвеце праблемах».
«Згодны цалкам», — адказаў яму Лукашэнка. Ён назваў Кляўдыё Гуджэроцьці «не чужым» для Беларусі чалавекам і паабяцаў зрабіць так, каб кардыналу больш не прыходзілася чакаць 15 дзён для атрыманьня візы ў Беларусь.
«Вельмі рады, што вы ўзгадалі пра Беларусь і вам спадабалася Беларусь, спадабаліся нашы людзі. Усе. Ня толькі каталікі, праваслаўныя. І іншыя людзі. І нават мусульмане вельмі добра ўспрынялі ваш візыт. Гэта гаворыць пра тое, што той сьлед ваш у Беларусі, прабачце за таўталёгію, ня бясьсьледны», — сказаў Лукашэнка.
Кляўдыё Гуджэроцьці паведаміў, што яму вельмі спадабаліся сьвяткаваньні і сустрэчы з людзьмі ў Пінску, Берасьці і Гомлі. «Сустрэча з людзьмі была цудоўнай. Бо відаць, што ўсьміхаюцца. Адчуваю, што надзея ёсьць. Маладыя ёсьць. Хлопчыкі, дзеці ёсьць. Гэта значыць, што разумеюць, што будучыня бліскучая, калі мы ўсе працуем разам», — падкрэсьліў ён.
Напярэдадні Гуджэроцьці прамаўляў гамілію ў Берасьці, дзе заклікаў чыноўнікаў слухаць народ і дазваляць яму выкарыстоўваць свае здольнасьці. Ён успомніў зачынены ўжо тры гады Чырвоны касьцёл у Менску, а таксама адзначыў, што «Беларусь не павінна адчуваць сябе пакінутай, забытай усімі».
Форум