Вышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны цалкам задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі Ўкраіны аб спагнаньні ў даход дзяржавы актываў беларускага прадпрыемства «Гомсельмаш».
Як адзначаецца ў паведамленьні Міністэрства юстыцыі Ўкраіны, у даход дзяржавы спагналі карпаратыўныя правы ААТ «Гомсельмаш» у Гандлёвых дамах «Гомсельмаш-Украіна» і «МТЗ-Беларус-Украіна», у ТАА «Промінь-ЮГ», а таксама маёмасныя правы на гандлёвыя маркі.
Санкцыі супраць беларускага прадпрыемства ўвялі праз тое, што даччыныя кампаніі «Гомсельмашу» ўдзельнічаюць у вытворчасьці дэталяў для расейскіх боепрыпасаў і дронаў-камікадзэ пад назвай «Герань-2», якімі Расея абстрэльвае Ўкраіну.
Згодна з нацыянальным заканадаўствам, «Гомсельмаш» можа абскардзіць рашэньне суда ў Апэляцыйнай палаце Вышэйшага антыкарупцыйнага суда цягам пяці дзён пасьля публікацыі рашэньня суда першай інстанцыі.
Матэрыялы для пазову сабралі Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны і Служба бясьпекі Ўкраіны.
Гэта другі выпадак нацыяналізацыі Украінай беларускіх актываў.
Сёлета ў красавіку ў даход дзяржавы спагналі актывы «Беларуськалію» — больш за 70 тысяч тон хлёрыстага калію, больш за 250 мільёнаў грыўняў у эквіваленце (звыш 6 млн даляраў), 1545 чыгуначных вагонаў, а таксама 48% статутнага капіталу ТАА «Агророзквіт», сузаснавальнікам якога ёсьць Беларуская калійная кампанія. На момант вынясеньня судом рашэньня Агенцтва вышуку і мэнэджмэнту актываў (АРМА) Украіны пасьпела рэалізаваць украінскім суб’ектам гаспадараньня арыштаваныя пасьля лютага 2022 году беларускія калійныя ўгнаеньні і вагоны.
- Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль, арыштавала маёмасьць і прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў і пачала ўмацоўваць мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.
Форум