Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэр Львова Садавы: «Усё, што тычыцца падтрымкі беларусаў, я рабіў, раблю і буду рабіць». ВІДЭА


Мэр Львова Андрэй Садавы ў часе інтэрвію Радыё Свабода
Мэр Львова Андрэй Садавы ў часе інтэрвію Радыё Свабода

Мэр Львова Андрэй Садавы адказаў на пытаньні Радыё Свабода аб тым, як зьмянілася стаўленьне яго да беларусаў за тры з паловай гады вайны, аб падтрымцы беларускай дыяспары ў Львове і ўшанаваньні памяці беларусаў, якія загінулі за Ўкраіну.

— Андрэй Іванавіч, раскажыце, як зьмянілася ваша стаўленьне да Беларусі і беларусаў пасьля трох з паловай гадоў вайны.

— У мяне заўжды былі добрыя адносіны да беларусаў, бо шмат беларусаў прыяжджалі ў Львоў яшчэ да вайны. Дэлегацыі былі, сапраўды тысячы. І мы чакаем, што гэтак будзе зноў, бо беларусы добрыя, выхаваныя, інтэлігентныя людзі, і я перакананы, што ў сваёй большасьці яны ўсе падтрымліваюць Украіну.

— Ці адрозьніваеце вы, ці аддзяляеце беларускую ўладу, Лукашэнку — і беларускі народ?

— Я заўсёды працую наўпрост зь людзьмі. І шмат грамадзкіх актывістаў, вельмі шмат людзей, якія зазнавалі ціск, у Львове знайшлі прытулак, і Львоў прыняў іх як родных, яны сябе як дома адчувалі і адчуваюць.

— А тое, што Лукашэнка апошнім часам зьмяніў рыторыку, прапануе свой удзел у мірных перамовах, як вы гэта ўспрымаеце?

— Ён гэтым займаецца ўсё сваё жыцьцё. З пункту гледжаньня гнуткасьці ў палітыцы, думаю, яму няма роўных.

— У Львове, на вуліцы Кляпараўскай, ёсьць грамадзкі музэй «Свабодная Беларусь — з Украінай у сэрцы», дзе экспануюцца рэчы беларусаў, якія загінулі за Ўкраіну, у тым ліку байцоў палку Кастуся Каліноўскага. Усяго загінулі каля ста беларусаў. Вы бачылі гэтую выставу, ці варта яе паказваць шырэй?

— Я знаёмы з многімі беларусамі, якія абараняюць Украіну, я памятаю і Шарамета, які ў інфармацыйным полі абараняў Украіну вельмі актыўна і які быў падступна забіты. Таму ўсё, што тычыцца падтрымкі беларусаў, я рабіў, раблю і буду рабіць. Гэта важна. Мы жывем побач, мы суседзі, мы павінны мець добрыя адносіны. Я веру, што калісьці Расея распадзецца на 20 незалежных краін і перастане быць цэнтрам агрэсіі, цэнтрам акупацыі, якім яна ёсьць, і Беларусь і Ўкраіна будуць мець вельмі якасную будучыню.

— Беларускія актывісты прапанавалі паставіць у Львове помнік беларусу Міхаілу Жызьнеўскаму, які загінуў на Эўрамайдане ў 2014 годзе, насупраць будынку былога расейскага консульства. Ці падтрымалі б вы такую ідэю ўшанаваньня беларуса — Героя Украіны?

— Ідэя цікавая, але падчас вайны мы прыпынілі ўстанаўленьне помнікаў. Мы ўшаноўваем тых, хто аддаў сваё жыцьцё сёньня ў гэтай вайне, падтрымліваем сем’і, прымаем шмат параненых, вельмі шмат перасяленцаў, гэта наш сёньняшні прыярытэт. А калі будзе перамога, тады будзем размаўляць. Усяму свой час.

— Львоў — тылавы горад, тут шмат уцекачоў, тут лечацца байцы, але ён таксама цярпіць ад абстрэлаў, у тым ліку энэргетычных аб’ектаў, Ці пагражае гораду адключэньне электраэнэргіі і замарожваньне?

— Мы заўсёды гатовыя: ніхто ня можа гарантаваць, што заўтра ня будуць атакаваныя ЦЭЦ. Закупілі цьвердапаліўныя катлы. У нас у горадзе 3000 сховішчаў, палова мае печкі, дровы. Таксама шмат лякарняў і школ. Мы жывем у такім стане, каб выжыць, у такім часе, што немагчыма выключыць ніякіх трагічных сытуацыяў. Зімой мы павінны выжыць — як народ, як нацыя, як краіна. Калі будзе наша перамога, сьвет пабачыць Украіну ня толькі моцную і мужную, але і інавацыйную, якая будзе зьдзіўляць сьвет якаснымі інавацыямі.

— Як вы думаеце, калі і пры якіх умовах ва Ўкраіне наступіць мір?

— Сёньня ніхто не назаве дзень. Але нават сёньня, калі мы столькі гадоў выжываем у цяжкіх умовах, мы паказваем сваю стойкасьць, мы перабудоўваем дзяржаву, мы перабудоўваем свае грамады. Вось Амэрыка ўвяла санкцыі супраць расейскіх нафтавых кампаніяў — і пачаўся такі зрух, перажываюць. Даўно трэба было гэта рабіць, бо немагчыма, з аднаго боку, купляць расейскую нафту, расейскі газ, а з другога боку, потым казаць, што мы падтрымліваем Украіну. Расею трэба ізаляваць як краіну, каб яна ня мела рэсурсаў для працягу вайны, а потым падзяліць яе на 20 незалежных краін, бо гэта апошняя імпэрыя ў сьвеце. Тады скончыцца вайна. Павінны мы рабіць усе гэта разам. Гэта выгадна і ўкраінцам, гэта павінна быць выгадна і беларусам.

— Павінна быць адказнасьць за тое, што зроблена. Якая адказнасьць можа быць з боку тых, хто дапамагаў Расеі, — з боку беларускіх уладаў?

— Як вы ведаеце, быў заснаваны міжнародны трыбунал, адно з паседжаньняў адбылося ў Львове 9 траўня сёлета, калі 35 міністраў замежных справаў краін Эўропы прыехалі ў Львоў. Таму, відавочна, за злачынства павінна быць пакараньне. І пакараньне вельмі сур’ёзнае, бо мы кожны дзень страчваем нашых братоў і сясьцёр. Мы кожны дзень маем пахаваньні ў нашым горадзе. Гэта вельмі складаны час, таму кожнае злачынства павінна быць пакаранае, так патрабуе справядлівасьць.

— І беларускага кіраўніцтва гэта таксама датычыць?

— Кожны чалавек, які ўчыняе зло для свайго народу, сваіх людзей, дзе б ён ні быў, у якой бы частцы сьвету ні жыў, — ён павінен несьці адказнасьць. Такі сьвет. Ёсьць яшчэ адказнасьць перад Богам, а на зямлі ёсьць адказнасьць перад людзьмі.

— Вашае пажаданьне беларусам, каб працягнуліся тыя адносіны, якія былі калісьці.

— Хачу падзякаваць усім беларусам, якія падтрымліваюць Украіну, і прашу падтрымаць Украіну ў гэты складаны час. Рознымі спосабамі, хто як можа. Я веру, што вы будзеце мець нашмат больш волі, свабоды, я веру, што беларускія турысты будуць прыяжджаць у Львоў, піць львоўскую каву, частавацца львоўскім шакалядам. Мы суседзі. Мы жывем у складаныя часы, калі Расея фізычна атакуе Ўкраіну, інфармацыйна атакуе Беларусь. Таму нам трэба выжыць, нам трэба быць моцнымі. Я ўсім жадаю проста быць людзьмі, бо кожны дзень кожны з нас мае выбар: або быць чалавекам, або быць нелюдзем. Якія б ні былі складаныя часы, будзьце Людзьмі. Зь вялікай літары.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG