Рэстаўруюць залю № 6, пэйзажную залю, залю імпэратарскіх партрэтаў, а таксама парадную лесьвіцу, піша mlyn.by.
У кожным з памяшканьняў знойдзены жывапіс XVIII стагодзьдзя, нанесены тэмпэрнай фарбай на тынк.
Асабліва каштоўны жаночы партрэт у залі імпэратарскіх партрэтаў. Ён найвышэйшага ўсясьветнага ўзроўню, варты і Эрмітажу, і Люўру, і кожнага музэю сьвету, — адзначыў дырэктар дызайн-студыі «Пальмета» Ігар Ганяеў.
Сярод аўтараў партрэтаў вядомыя мастакі, пачынальнікі беларускай, літоўскай, польскай школаў жывапісу.
Палац Валовічаў месьціцца ў Сьвяцку Горадзенскага раёну. Пабудаваны ў 1779 годзе. Аўтар — італійскі дойлід Джузэпэ Сака. На пачатку ХХ стагодзьдзя палацава-паркавым комплексам валодалі Гурскія. У часе І Усясьветнай вайны палац быў моцна панішчаны. У 1930-я палац перабудавалі. У ім быў пансіянат для нарказалежных. Ад марфінавай і іншай залежнасьці тут лекаваліся і прадстаўнікі горадзенскіх творчых колаў.
За савецкім часам тут зрабілі санаторыю для хворых на сухоты. Старадаўні інтэр’ер зьнішчылі. У 2005 санаторыя адсюль выехала, палац перадалі на балянс управы адукацыі Горадзенскага райвыканкаму. Аб палацы і парку дбаць перасталі. Пазьней комплекс перадалі на балянс санаторыі «Азёрны». Палац доўгі час быў занядбаны.
Пры рэстаўрацыі палацу ўжо бывалі знаходкі. Напрыклад, тут знайшлі закапанае віно вытрымкай 200 гадоў.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Форум