Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лютэранскім садзе Вільні ўшанавалі памяць Францішка Аляхновіча


Мэмарыяльная дошка Францішку Аляхновічу ў Лютэранскім садзе ў Вільні.
Мэмарыяльная дошка Францішку Аляхновічу ў Лютэранскім садзе ў Вільні.

На мэмарыяльным муры ў Лютэранскім садзе ў Вільні ў сярэдзіне кастрычніка ўсталявалі дошку з зьвесткамі пра пахаваньне на тэрыторыі саду славутага беларускага пісьменьніка і драматурга Францішка Аляхновіча.

«Аляхновіч Францішак. 1883-1944. Беларускі драматург» — напісана па-літоўску на базальтавай дошцы. Акрамя Аляхновіча на дошцы ўказаныя яшчэ 29 прозьвішчаў.

Мэмарыяльны мур Лютэранскага саду ў Вільні, які раней акружаў Лютэранскія могілкі.
Мэмарыяльны мур Лютэранскага саду ў Вільні, які раней акружаў Лютэранскія могілкі.

Побач на муры ўсталяваная аналягічная дошка з імёнамі пахаваных, а таксама некалькі ацалелых надмагільных плітаў з былых Лютэранскіх могілак. Рэканструкцыя мэмарыяльнага муру ў Лютэранскім садзе працягваецца.

Рэканструкцыя мэмарычльнага мура ў Лютэранскім садзе яшчэ не завершаная.
Рэканструкцыя мэмарычльнага мура ў Лютэранскім садзе яшчэ не завершаная.

Лютэранскія могілкі былі адкрытыя ў Вільні ў 1809 годзе. Цяпер тут знаходзіцца Лютэранскі сад — месца адпачынку віленчукоў, дзе пра былыя могілкі нагадваюць некалькі ацалелых помнікаў і фамільны склеп сям’і віленчукоў Нішкоўскіх, а на месцы зруйнаванай Лютэранскай царквы стаіць гарадзкі Дом шлюбаў.

Капліца, былы фамільны сьлеп Нішкоўскіх, побач з якім быў пахаваны Францішак Аляхновіч.
Капліца, былы фамільны сьлеп Нішкоўскіх, побач з якім быў пахаваны Францішак Аляхновіч.

Беларускага драматурга і пісьменьніка, аўтара славутай кнігі «У кіпцюрох ГПУ» і апошняга рэдактара штотыднёвіка «Беларускі голас» Францішка Аляхновіча савецкія партызаны забілі ва ўласнай кватэры 3 сакавіка 1944 году. Паводле журналіста і пісьменьніка Сяргея Дубаўца, акцыю выканалі дывэрсанты з Віленскага гарадзкога атраду на чале зь Я. Сіманавічусам (Пятрайцісам).

У пахаваньні Аляхновіча бралі ўдзел тысячы віленчукоў-беларусаў

Той жа мур на Лютэранскіх могілках ў часе першай Сусьветнай вайны. Фота з архіва Людвікі Кардзіс.
Той жа мур на Лютэранскіх могілках ў часе першай Сусьветнай вайны. Фота з архіва Людвікі Кардзіс.

Пахавалі Аляхновіча на Лютэранскіх могілках Вільні 8 сакавіка 1944 году. У жалобнай працэсіі, паводле ўспамінаў віленчукоў, бралі ўдзел тысячы людзей, у тым ліку настаўнікі і вучні беларускіх школ, а таксама прыежджыя з усёй Беларусі. Аб памеры жалобы можна меркаваць па фотах з сямейнага альбому Міраславы Русак, якія нядаўна былі перададзеныя віленскаму Музэю імя Івана і Антона Луцкевічаў.

Сьведкі згадвалі, што ў разьвітальных прамовах над труной пісьменьніка людзі казалі пра тое, што беларускі народ Аляхновіча ніколі не забудзе, але рэчаіснасьць аказалася больш складанай. Праз разбурэньне могілак у пачатку 60-ых гадоў мінулага стагодзьдзя дакладнае месца магілы цяпер невядомае.

«Добра, што цяпер гэта зроблена»

Прыблізнае месца, дзе паводле Людвікі Кардзіс быў пахаваны Францішак Аляхновіч.
Прыблізнае месца, дзе паводле Людвікі Кардзіс быў пахаваны Францішак Аляхновіч.

Паводле віленскіх беларускіх актывістаў магчыма толькі прыблізна вызначыць месца, дзе быў пахаваны пісьменьнік. Гэтак мяркуе і кіраўніца Беларускага дому, удава вядомага грамадзкага дзеяча Сержука Вітушкі Людвіка Кардзіс, якая спрабавала адшукаць месца пахаваньня Францішка Аляхновіча. Спадарыня Людвіка нагадвае, што праз некалькі месяцаў пасьля пахаваньня Аляхновіча ў Вільню прыйшла Чырвоная Армія і можна меркаваць, чаму каменны помнік на месцы магілы дзеячу беларускага незалежніцкага руху не зьявіўся. Драўляны крыж мог з гадамі зьнікнуць, што і прывяло да зьнешняга занядбаньня магілы, але беларускія старажылы Вільні пра месца ягонага пахаваньня не забыліся, кажа Людвіка Кардзіс.

«Мне гэтае месца паказвалі абазнаныя віленчукі, якія казалі, што добра памятаюць, дзе быў пахаваны Францішак Аляхновіч. У Лютаранскім садзе побач з домам шлюбаў стаіць адзіны ацалелы на былых могілках магільны склеп-каплічка. Вось прыблізна ў 8-9 мэтрах мэтрах ад усходняй сьцяны капліцы — тое месца. Канешне, каб цяпер дакладна яго вызначыць, трэба было б правесьці раскопы. Зразумела, ніхто гэтага не дазволіць. Але мы зьвярталіся да гарадзкіх уладаў, прасілі неяк абазначыць месца, каб хаця б была магчымасьць ускласьці кветкі, ушанаваць памяць славутага пісьменьніка. Нам паведамілі, што рыхтуецца ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі. Добра, што цяпер гэта зроблена», — распавяла Свабодзе беларуская актывістка Людвіка Кардзіс.

Што да вядомага помніка Францішку Аляхновічу, усталяванаму на віленскіх могілках Росы непадалёк ад сымбалічнага помніка заснавальнікам БНР братам Івану і Антону Луцкевічам, дык гэта таксама сымбалічны помнік, які зьявіўся там у 2022 годзе дзякуючы намаганьням Таварыства беларускай культуры ў Літве, якое сабрала ў якасьці ахвяраваньняў на помнік Аляхновічу больш больш за 2000 эўра.

Паваеннае жыцьцё кнігі «У кіпцюрох ГПУ»

Францішак Аляхновіч напісаў сваю кнігу ўспамінаў пра пакуты ў савецкіх вязьніцах у 1935 годзе. Твор стаў вынікам вельмі драматычных падзей. У канцы 1926 Францішак Аляхновіч, які да таго жыў у Вільні, на запрашэньне беларускіх уладаў пераехаў у Менск, але ў першы дзень новага, 1927 году быў арыштаваны паводле абвінавачаньня ў шпіянажы на карысьць Польшчы. Аляхновіч атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах, зь якіх адбыў у няволі амаль 7 гадоў. У Беларусі за пісьменьніка працягвалі заступацца ягоныя ўплывовыя калегі, тады гэта яшчэ было магчыма, і ў 1933 годзе апякунства дало вынік — Францішка Аляхновіча абмянялі на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філёляга, аўтара першага падручніка беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча.

У Вільні Аляхновіч адразу засеў за кнігу ўспамінаў пра Салаўкі, але надрукаваць яе па-беларуску спачатку было немагчыма. Першае выданьне ўспамінаў выйшла па-польску, потым рукапіс надрукавала расейскае эмігранцкае выданьне і толькі ў 1937 годзе кніга выйшла па-беларуску пад назвай «У кіпцюрох Г. П. У.». Менавіта пад гэтай назвай кніга Аляхновіча лічыцца адным з лепшых дакумэнтальных твораў пра рэпрэсіі ў Савецкім Саюзе.

У 2013 годзе Беларускі ПЭН-цэнтар сумесна з Радыё Свабода заснаваў прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні. Першым ляўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча стаў за кнігу «Еду ў Магадан» палітвязень Ігар Аліневіч, які цяпер адбывае новы тэрмін у 20 гадоў за падзеі 2020 году. З таго часу ляўрэатамі прэміі сталі дзясяткі былых палітвязьняў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG