Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Рады БНР уручыў журналісту Свабоды Алегу Грузьдзіловічу мэдаль Ордэну Пагоні


Цырымонія ўручэньня мэдаля ў Беларускім доме ў Вільні. Алег Грузьдзіловіч і Мікалай Пачкаеў. 30 кастрычніка 2025 году
Цырымонія ўручэньня мэдаля ў Беларускім доме ў Вільні. Алег Грузьдзіловіч і Мікалай Пачкаеў. 30 кастрычніка 2025 году

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падпісала дэкрэт аб узнагароджаньні журналіста 25 сакавіка 2025 году. 30 кастрычніка ў Беларускім доме ў Вільні адбылася цырымонія ўручэньня.

Прадстаўнік Рады БНР Мікалай Пачкаеў уручыў журналісту Свабоды Алегу Грузьдзіловічу мэдаль Ордэну Пагоні, якім узнагароджваюць цывільных асобаў.

Алега Грузьдзіловіча адзначылі за адданасьць нацыянальнаму Адраджэньню, якую ён засьведчыў яшчэ з пачатку 90-х гадоў. Вэтэран незалежнай журналістыкі, ён застаўся верным прынцыпам свабоды слова і быў зьняволены за сваю прафэсійную дзейнасьць.

Былы палітвязень больш за 30 гадоў адпрацаваў на Радыё Свабода. Як журналіст-расьсьледнік напісаў кнігу «Хто ўзарваў менскае мэтро?», таксама шырока вядомая ягоная кніга «Мае турэмныя муры».

«Гэта праўдзівае сьведчаньне таго, што ўчыняе рэжым з тымі, хто выступіў за свабоду свайго народу», — адзначыў на ўручэньні мэдаля Мікалай Пачкаеў.

Згодна з статутам Ордэну Пагоні, мэдалём з 2022 году адзначаюць грамадзян Беларусі і іншаземцаў «за заслугі перад беларускім народам на ніве змаганьня за волю і незалежнасьць Беларусі і на ніве грамадзкай дзейнасьці».

Узнагарода, якую атрымаў журналіст Свабоды, мае нумар 39. Мікалай Пачкаеў на цырымоніі падкрэсьліў, што ў дэмакратычнай Беларусі, якой краіну можна будзе лічыць пасьля першых дэмакратычных выбараў, Рада БНР будзе дамагацца наданьня ўзнагародам Рады БНР статусу дзяржаўных.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG