Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арганізацыя для маладых кар’ерыстаў»: моладзевы партыйны рух «Іскра» пры «Белай Русі» абраў старшыню


Яраслаў Давыдзенка, скрыншот зь YouTube «Минск-Новости»
Яраслаў Давыдзенка, скрыншот зь YouTube «Минск-Новости»

На першым пасяджэньні савета моладзевага партыйнага руху «Іскра» пры партыі «Белая Русь» выбралі старшыню. Ім стаў кіраўнік вайскова-патрыятычнага выхаваньня менскай школы № 91 імя Хасэ Марці Яраслаў Давыдзенка.

«Я буду курыраваць дзейнасьць рэспубліканскага і абласных штабоў. Мы будзем наўпрост працаваць з партыйным кіраўніцтвам па рэалізацыі рэспубліканскіх партыйных мерапрыемстваў», — расказаў Яраслаў Давыдзенка БЕЛТА.

Давыдзенку 19 гадоў, ён нарадзіўся ў Сьветлагорску. У 14 гадоў патрапіў у Моладзевы парлямэнт пры Сьветлагорскім раённым Савеце дэпутатаў. У 2023-м паступіў на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, на аддзяленьне паліталёгіі. З 2025 году — сябра Беларускай партыі «Белая Русь». Ад пачатку сёлетняга навучальнага году стаў кіраўніком вайскова-патрыятычнага выхаваньня і настаўнікам грамадазнаўства менскай школы № 91 імя Хасэ Марці.

25 ліпеня 2025 на пасяджэньні Вышэйшага палітычнага савету партыі «Белая Русь» было абвешчана аб стварэньні моладзевага партыйнага руху «Іскра». Сёньня ў менскім Доме моладзі праходзіць першае пасяджэньне руху. Старшыня «Белай Русі» Вольга Чамаданава заявіла, што моладзь будзе фармаваць кадравы рэзэрв для партыі і што «Іскра» ня будзе альтэрнатывай для ніводнай моладзевай арганізацыі.

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў лічыць, што хаця і «ёсьць нейкія паралелі з БРСМ, але гэтыя арганізацыі будуць ісьці кожная сваім шляхам, паколькі задача БРСМ — прыцягваць як мага больш моладзі і прышчапляць ёй пэўную ідэалёгію, а „Іскра“ ствараецца для маладых карʼерыстаў, для тых, хто зьбіраецца рабіць палітычную карʼеру. Калі параўноўваць з СССР — то гэта як бы маладыя члены партыі, бо ў камсамол уступалі фактычна ўсе, а ў члены партыі прымалі самых актыўных камсамольскіх дзеячоў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG