Як стала вядома «Нашай Ніве», у рамках расьсьледаваньня крымінальных справаў супраць заснавальніка «SoftClub» Уладзіміра Сіроткі і іншых мэнэджэраў кампаніі (у тым ліку сына Сіроткі), Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў правёў ператрусы ў кіраўнікоў прыватнага Цэптар Банку і арыштаваў старшыню праўленьня банку Аляксандра Ігнатава, а таксама аднаго зь ягоных намесьнікаў.
Арышты адбыліся ў пачатку тыдня. Аляксандар Ігнатаў апошні раз быў у мэсэнджэрах 26 кастрычніка.
Цэптар Банк — гэта невялікі камэрцыйны банк. Ён належыць швайцарскаму холдынгу. Тры кварталы сёлетняга году банк скончыў з 4 мільёнамі рублёў прыбытку. Аляксандар Ігнатаў узначальвае яго ад 2023 году, да таго працаваў у Трастбанку, Франсабанку і Статусбанку, кар’еру пачынаў у Нацбанку.
У панядзелак, 27 кастрычніка, беларускія СМІ паведамілі пра «зьнікненьне» некалькіх топ-мэнэджэраў кампаніі SoftClub, уключаючы Ўладзіміра Сіротку, у мэсэнджэрах ён апошні раз зьяўляўся онлайн у чацьвер 23 кастрычніка.
Крыніцы СМІ мяркуюць, што да топаў маглі ўзьнікнуць пытаньні, зьвязаныя з падаткамі і «вывадам капіталу з краіны».
- Кампанія «SoftClub» была заснаваная ў 1993 годзе і займаецца распрацоўкай праграмных рашэньняў для банкаў, фінансавых кампаній, электроннага гандлю і біржавай галіны. Акрамя Беларусі, кампанія мае офісы ў Літве, Казахстане, Туркмэністане, Узбэкістане і іншых краінах. У ёй працуе каля 1000 чалавек, зь іх каля 600 — у беларускіх юрыдычных асобах. Гэта адна зь дзесяці найбуйнейшых беларускіх ІТ-кампаній.
- У канцы 2024 года ў беларускіх юрыдычных асоб кампаніяў «SoftClub» і «SoftClub цэнтру распрацоўкі» зьмянілася форма ўласнасьці: мажарытарным акцыянэрам абедзьвюх стала казахстанская холдынгавая кампанія «Эсігруп кз лтд», на карысьць якой выплачваліся дывідэнды.
Форум