Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: Кітай згортвае закупкі нафты ў Расеі праз санкцыі ЗША


Нафтаперапрацоўчы завод нафтахімічнай групы «Шаньдун Хайю» ў Кітаі, архіўнае фота
Нафтаперапрацоўчы завод нафтахімічнай групы «Шаньдун Хайю» ў Кітаі, архіўнае фота

Кітайскія нафтаперапрацоўчыя кампаніі адмаўляюцца ад паставак нафты з Расеі пасьля ўведзеных ЗША санкцыяў супраць «Роснефти», «Лукойла» і іх «дачок».

Пра гэта паведамляе Bloomberg з спасылкай на трэйдэраў. Гэта ўжо ўдарыла па прэміяльнай марцы нафты ESPO. Яе цана рэзка ўпала.

Паводле зьвестак агенцтва, закупкі прыпынілі як гіганты Sinopec і PetroChina Co., так і меншыя прыватныя перапрацоўнікі. Апошнія асьцерагаюцца абмежаваньняў пасьля таго, як Shandong Yulong Petrochemical Co. трапіла ў чорныя сьпісы Вялікай Брытаніі і ЭЗ.

Паводле ацэнкі Rystad Energy AS, адмова кітайскіх кампаніяў ад паставак і падзеньне цэнаў закранулі каля 400 тысяч барэляў у содні, або да 45% расейскага экспарту нафты ў Кітай.

Тым ня менш, адзначае Bloomberg, санкцыі далі і адваротны эфэкт. Кампанія «Юлун», якая трапіла пад абмежаваньні раней, пазбавіўшыся альтэрнатыўных пастаўнікоў, перайшла на расейскую нафту.

У дробных кампаніяў сытуацыя больш складаная — апроч страху санкцый, яны сутыкнуліся зь недахопам імпартных квотаў пры зьменах у падатках. Гэта можа абмежаваць закупкі нафты з Расеі да канца году, зазначае агенцтва.

Адначасова скараціла закупкі нафты ў Расеі Турэччына, ЗША абмяркоўваюць скарачэньне імпарту расейскіх энэргарэсурсаў з партнэрамі ў Азіі .

У Маскве санкцыі называюць незаконнымі. Уладзімір Пуцін заявіў, што «Расея выпрацавала да іх пэўны імунітэт» і працягвае функцыянаваць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG