У аўторак 4 лістапада ў ЗША ў некалькіх штатах прайшлі выбары губэрнатараў, мэраў і чальцоў мясцовых органаў улады. Адным з самых прыкметных вынікаў стала імавернае абраньне мэрам Нью-Ёрка 34-гадовага дэмакрата Заграна Мамдані. Чакаецца, што ён стане першым у гісторыі горада мэрам-мусульманінам і самым маладым за стагодзьдзе мэрам.
Паводле папярэдніх дадзеных, ён атрымаў каля паловы галасоў нью-ёркцаў. Мамдані, які характарызуе свае палітычныя погляды як дэмакратычны сацыялізм, вёў кампанію пад лёзунгам зрабіць Нью-Ёрк горадам, у якім могуць дазволіць сабе жыць людзі зь невялікімі прыбыткамі, піша Расейская служба Радыё Свабода.
Ён абяцаў замарозіць плату за арэнду жылыя, арганізаваць бясплатныя аўтобусныя маршруты, адкрыць субсідуемыя горадам супэрмаркеты і зрабіць шэраг іншых крокаў, якія дазволяць зьнізіць кошт жыцьця ў адным з самых дарагіх гарадоў сьвету за кошт павышэньня падаткаў на самую заможную праслойку насельніцтва.
Падчас першаснай кампаніі Дэмакратычнай партыі, эфэктыўна выкарыстоўваючы сацыяльныя сеткі, практычна нікому не вядомы Мамдані, здолеў прыцягнуць на свой бок актывістаў партыі, моладзь і ўзяць верх над фаварытам партыйнага істэблішмэнту былым губэрнатарам Нью-Ёрка Эндру Куома. У выніку Куома быў вымушаны ўдзельнічаць у выбарах у якасьці незалежнага кандыдата. Ён атрымаў крыху больш за сорак працэнтаў галасоў выбаршчыкаў. За дзень да выбараў на карысьць кандыдатуры Куома выказаўся прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.
Левыя погляды Мамдані выклікалі асьцярогу ў шматлікіх традыцыйных дэмакратаў-цэнтрыстаў, якія асьцерагаюцца, што зрушэньне Дэмакратычнай партыі ўлева пазбавіць яе галасоў самага буйнога выбарчага блёка ў ЗША выбаршчыкаў-цэнтрыстаў. Многія вядомыя дэмакраты публічна не выказваліся ў падтрымку яго кандыдатуры.
Сярод іншых вынікаў выбараў, якія прыцягнулі ўсеагульную ўвагу, — абраньне губэрнатарамі двух буйных штатаў — Вірджыніі і Нью-Джэрсі Эбігейл Спанбэргер і Майкі Шэрыл.
Многія камэнтатары разглядаюць іх перамогу як сьведчаньне незадаволенасьці выбаршчыкаў палітыкай Дональда Трампа. У прыватнасьці, у штаце Вірджынія жыве шмат дзяржаўных служачых, якія страцілі працу ў выніку рэзкага скарачэньня штатаў дзяржаўных структур, зробленага Дональдам Трампам.
Форум