Армэнія дазволіла выезд з сваёй тэрыторыі грамадзянцы Беларусі, якую з палітычных матываў унесьлі ў сьпіс для міжнароднага вышуку ўлады Беларусі.
Пра гэта паведаміла прэс-служба намесьніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) і кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Паўла Латушкі.
У 2020 годзе Натальля (імя зьменена дзеля бясьпекі) удзельнічала ў мірных пратэстах і ўваходзіла ў кіраўніцтва чату, дзе беларусы абмяркоўвалі сытуацыю ў краіне. Яе затрымлівалі паводле палітычных артыкулаў, пасьля допыту яна была вымушана пакінуць Беларусь.
У 2025 годзе, падчас падарожжа, калі Натальля прызямлілася ў Армэніі, ёй паведамілі, што яна ня можа пакінуць краіну, бо знаходзіцца ў міжнародным вышуку на запыт уладаў Беларусі.
У падтрымку Натальлі выступілі Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, намесьнік кіраўніцы АПК і кіраўнік НАУ Павал Латушка, «Вясна», фонды BySol і ByHelp, адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, а таксама праўная камісія Каардынацыйнай рады. Юрыдычную дапамогу ў Армэніі аказвала арганізацыя «Грамадзкі вэрдыкт».
У выніку пасьля разгляду справы Пракуратура Армэніі выдала грамадзянцы Беларусі афіцыйны дазвол на выезд. Беларуска ўжо прыбыла ў Эўрапейскі Зьвяз.
Форум