Сёньня Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб пытаньнях разьвіцьця эканомікі заявіў, што ня бачыць неабходнасьці мяняць курс, якога прытрымліваецца дзяржава.
Лукашэнка падкрэсьліў, што абдумваў прапановы ўраду не адзін дзень і не адзін тыдзень:
«І я не знаходжу магчымасьці і неабходнасьці мяняць курс (калі ў кагосьці ёсьць такія прапановы) у гэтай сытуацыі. Курс, паводле якога мы атрымалі незалежнасьць, стварылі сваю дзяржаву. І сёньня нешта ламаць, прытым залішне напружваючы людзей, прытым безвынікова, — я на гэта ня тое што не магу пайсьці, я катэгарычна супраць гэтага».
Лукашэнка сярод іншага запатрабаваў ад ураду абараніць унутраны рынак:
«Каб беларусы куплялі сваё, трэба прапанаваць якасны тавар і па нармальнай цане. Усё гэта мы ўмеем рабіць. Таму пытаньне за арганізацыяй справы».
Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба пракамэнтаваў Свабодзе выказваньні Аляксандра Лукашэнкі:
«Сытуацыю праз унутраны рынак ня выправіш. Калі б у нас расьлі заробкі, расьлі прыбыткі, то такую задачу можна было б ставіць. Напрыклад, рэалізаваць праграму імпартазамяшчэньня: давайце будзем рабіць рэчы ня горшыя за імпартныя, але таньнейшыя. Тады людзі пераарыентуюцца — павялічыцца попыт на беларускую прадукцыю. І ў прадпрыемстваў ня будзе на складах затаварваньня.
Але ўсясьветны досьвед паказвае — добра абараняць свой унутраны рынак, калі людзі добра зарабляюць, калі ў іх ёсьць «лішнія» грошы.
А сёньня ставіць такую задачу ў Беларусі нерэальна. Ну як уздымецца ўнутраны попыт, калі заробкі зьмяншаюцца, калі людзі губляюць працу, калі прыбыткі ляцяць уніз?! Адкуль ён возьмецца, хоць ты сёньня супэр-якасную прадукцыю прапануй?
Тут няма ніякай стратэгіі. Можна казаць, што гэта пошук рашэньня тактычнай задачы. Але ж і яна ставіцца несвоечасова.
Лукашэнка зноў кажа, што ня трэба нічога прынцыпова мяняць. Але ж трэба нешта рабіць. Ужо, падаецца, усе пра гэта гавораць. Дый урад пад ціскам крэдытораў з МВФ піша нейкую праграму пераменаў. А кіраўнік дзяржавы гаворыць пра адваротнае — прынцыповых зьменаў ня трэба.
Ну добра, дасьць нам Расея тыя 23 мільёны тон нафты. І хоць па нафце цяжка рабіць доўгатэрміновыя прагнозы, спэцыялісты кажуць: сёлета кошты будуць нізкія. Значыць, і прыбытак ад нафтапрадуктаў будзе нізкі. Атрымліваецца, што многае зьмянілася — ужо трэба ня радавацца расейскай нафце, якая раней карміла, а думаць, як адыходзіць ад расейскай нафтавай залежнасьці.
Трэба мяняць структуру нашага экспарту, каб нафта не давала аж траціну ўсёй валютнай выручкі.
Трэба ж неяк перарабіць машынабудаваньне, каб яно таксама давала прыбытак. Але ж кіраўнік дзяржавы пра гэта сёньня нічога не казаў. Ніводнага гуку! А трэба казаць тэрмінова, бо ў нас ужо ня крызіс, справа ідзе да разарэньня.
Чаго Лукашэнка чакае? Ля мора пагоды. Цэны на нафту зноў узрастуць, расейская эканоміка выздаравее, ну і мы падцягнемся сьледам за імі. Скажу так: гэта азначае толькі адно — сядзець і чакаць катастрофы».