Як паведаміў дарадца ў этэры радыё LRT 27 кастрычніка, трапіць у цэль на вышыні 4–6 кілямэтраў з дапамогай стралковай зброі — «амаль невыканальная місія».
«Таму трэба шукаць эфэктыўныя кінэтычныя сродкі, каб зьбіваць гэтыя балёны, і гэта, імаверна, стане галоўным выклікам, які мы будзем абмяркоўваць, а 9-й гадзіне на пасяджэньні ўраду», — сказаў Дзейвідас Матулёніс.
Пасьля таго як на мінулым тыдні кантрабандныя паветраныя балёны чатыры разы парушылі працу аэрапортаў Літвы, магчымыя разьвязаньні гэтай праблемы абмяркуе Камісія нацыянальнай бясьпекі.
У аўторак, 28 кастрычніка, аналягічная міжведамасная нарада ў гэтых пытаньнях адбудзецца і ў адміністрацыі прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца літоўскага ўраду пра мэтэазонды зь Беларусі: «Ніякіх перамоваў ня будзе». У МЗС Беларусі адрэагаваліМатулёніс падкрэсьліў, што становішча, у якім апынулася Літва ў сувязі з зондамі, можна акрэсьліць як крызіс. Вялікія пытаньні цяпер і да мабільнасьці дзяржавы, яе здольнасьці адказваць на выклікі. На ягоную думку, галоўнай мэтай запуску балёнаў ёсьць не кантрабанда — хоць гэта не выключаецца, — а псыхалягічнае ўзьдзеяньне на Літву.
Таксама Матулёніс адзначыў, што для закрыцьця мяжы на доўгі тэрмін спатрэбіцца палітычная воля. Пры гэтым пытаньне абмежаваньня допуску беларускіх грузаў у Калінінградзкую вобласьць Расеі, магчыма, будуць абмяркоўваць толькі ў апошнюю чаргу.
Агенцтва BNS нагадвае, што ў лістападзе летась Сейм прыняў папраўкі, якія дазваляюць сілавікам зьбіваць мэтэаралягічныя балёны, дроны і іншыя лётныя аб’екты з стралковай зброі. А ў студзені ўрад дазволіў выкарыстоўваць для гэтага адмысловыя боепрыпасы і снарады.
Аднак затым палітыкі і прадстаўнікі ведамстваў прызналі, што агнястрэльная зброя малаэфэктыўная супраць такіх цэляў, калі яны на вялікай вышыні або рухаюцца з высокай хуткасьцю.
Паводле зьвестак Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі, мінулай ноччу радары, якія адсочваюць паветраную прастору Літвы, зафіксавалі 66 аб’ектаў, якія рухаліся зь Беларусі ў бок Літвы. Гэта прыкладна ўдвая больш, чым папярэдняй ноччу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віленскі аэрапорт аднавіў працу, але літоўска-беларуская мяжа застаецца закрытай