«ПіК Свабоды». Былая міністарка абароны Літвы пра налёты паветраных шароў зь Беларусі: Гэта — прэлюдыя вайны

Раса Юкнявічэнэ, каляж

Літва закрыла мяжу зь Беларусьсю на няпэўны час. Чаму літоўскія ўлады лічаць, што налёты паветраных шароў зь Беларусі інсьпіруюцца беларускімі і расейскімі ўладамі? Каму ўчыніць шкоду закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю? Ці спадзяецца Вільня, што гэтая мера зьменіць паводзіны рэжыму Лукашэнкі?

Пра гэта — гутарка Юрыя Дракахруста з дэпутаткай Эўрапарлямэнту, былой міністаркай абароны Літвы Расай Юкнявічэне.

01:09 — Якія доказы таго, што палёты паветраных шароў у Літву зь Беларусі інсьпіраваныя беларускімі ўладамі?
04:53 — «Забудзьце пра сувэрэнную дзяржаву Беларусь побач з намі, няма яе. Ёсьць толькі інструмэнт Крамля».
05:57 — «Амэрыканскія палітыкі робяць адну і тую ж памылку адносна Лукашэнкі»
07:17 — Літва будзе зьбіваць паветраныя шары, якія будуць залятаць на яе тэрыторыю зь Беларусі
10:42 — Якую шкоду рэжыму Лукашэнкі ўчыніць закрыцьцё мяжы?
13:10 — Ці аналізуюць у Вільні вынікі закрыцьця мяжы Польшчай у верасьні?
14:53 — Наколькі імаверна, што Літва перакрые расейскі транзыт у Калінінград празь літоўскую тэрыторыю?

На пытаньне, ці мае Літва дакладныя доказы, што налёты паветраных шароў інсьпіраваныя беларускімі ўладамі, Юкнявічэне нагадала, што Аляксандар Лукашэнка ўжо выкарыстоўваў мігрантаў як зброю супраць Літвы, як супраць Латвіі і Польшчы,

Паводле яе гэта ж адбываецца і цяпер. На яе думку кантрабандысты ня могуць дзейнічаць самастойна ў такім масавым маштабе, асабліва з улікам таго, што беларускую мяжу шчыльна ахоўваюць не толькі беларускія сілы, але і расейскія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тонкая наладка»: як Лукашэнка кіруе міграцыйным крызісам. Дасьледаваньне Свабоды

Былая міністарка абароны ва ўрадзе кансэрватараў знаходзіцца ў апазыцыі да дзейнага ўраду. Яна адзначыла, што раней урад казаў, што налёты паветраных шароў зь Беларусі — гэта толькі кантрабанда. Аднак цяпер, паводле Юкнявічэне, і дзейны ўрад прызнаў, што гэта частка гібрыднай вайны.

Наконт датычнасьці Расеі да гэтых налётаў былая міністарка абароны Літвы ня мае сумневаў: «Расея ўвесь час ні пры чым, яна была ні пры чым у Крыме, яна была ні пры чым у Данбасе. Няма ніякіх сумневаў, што Лукашэнка сам па сабе такія апэрацыі не ўчыняе. Ён — толькі проксі Расеі. Забудзьце пра сувэрэнную дзяржаву Беларусь побач з намі, няма яе. Ёсьць толькі інструмэнт Крамля. Толькі Лукашэнка, напэўна думае, што ён — прэзыдэнт нейкай самастойнай дзяржавы».

На заўвагу, што, магчыма, акрамя Лукашэнкі гэтак жа думае прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, якія яму тэлефануе, Юкнявічэне заявіла, што амэрыканскія і некаторыя іншыя палітыкі робяць адну і тую ж памылку — спадзяюцца адарваць Лукашэнку ад Пуціна.

«Ня будзе гэтага. Як і не ўвянчаюцца посьпехам перамовы з Пуціным наконт Украіны. Дыктатараў толькі сілай можна прымусіць зьмяніць свой курс. Або проста трэба іх перамагчы. Іншага выйсьця няма. Вось таму і меры наконт гэтых паветраных шароў павінныя быць вельмі жорсткія. Вайна ёсьць вайна» — мяркуе літоўскі палітык.

Якую шкоду рэжыму Лукашэнкі наносіць закрыцьцё мяжы зь Літвой? Здаецца, гэта больш закране інтарэсы звычайных беларусаў, якія ня змогуць езьдзіць у Літву.

Юкнявічэне адказала: «Мне шкада беларусаў, якія ня змогуць патрапіць у Літву. Думаю, што з 2020 года ў Беларусі не дадалося людзей, якія любяць Лукашэнку. Але нічога не зробіш. Як я сказала, вайна ёсьць вайна. Праз адкрытыя межы да нас едзе шмат агентаў, шмат тых, хто ўяўляе пагрозу для нашай бясьпекі».

На думку былой літоўскай міністаркі абароны, ня толькі Літва, але і ЭЗ, і NATO павінныя разумець, што знаходзяцца ў стане вайны. «Гэта неканвэнцыйная вайна, яна не такая, як зараз ва Украіне. Але Крэмль з дапамогай Лукашэнкі тэстуе нас, ён дзейнічае на мяжы 5-га артыкула статута NATO, але не пераходзячы чырвонай лініі. Але на ўзроўні 4-га артыкула статута NATO мы ўжо знаходзімся. Трэба прымаць захады, каб абараніцца, і не дапусьціць сытуацыі, калі будзе ўжо позна» — сказала дэпутатка Эўрапарлямэнту, былая міністарка абароны Літвы Раса Юкнявічэне.

  • 4-ы артыкул статуту NATO прадугледжвае кансультацыі чальцоў альянсу ў выпадку, калі, на думку аднаго зь іх, яго тэрытарыяльная цэласнасьць, палітычная незалежнасьць або бясьпека апынуліся пад пагрозай.
  • 5-ы артыкул статуту NATO прадугледжвае ўсе магчымыя меры, у тым ліку і вайсковыя, чальцоў альянсу ў дапамогу таму зь іх, супраць каго была ўчыненая агрэсія.


«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.