Пра гэта паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
«Мы зрабілі б гэта значна раней, калі б свае пераходы з Беларусьсю не закрыла Літва. Літоўцы — нашы партнэры, мы з імі ў кантакце», — сказаў Кервіньскі ў эфіры Polskie Radio.
Паводле яго слоў, пытаньне мяжы зь Беларусьсю ўзьнімалася 29 кастрычніка ў Гданьску на сустрэчы з кіраўнікамі МУС краінаў Балтыі, таксама гэтую тэму абмеркавалі зь літоўскім бокам 30 кастрычніка па тэлефоне.
Аб плянаваным адкрыцьці памежных пераходаў на мяжы з Беларусьсю заявіў 28 кастрычніка прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск. Размова аб пункце пропуску Баброўнікі (зь беларускага боку — Бераставіца), які быў закрыты ў лютым 2023 году пасьля асуджэньня актывіста неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, і пераходу Кузьніца (Брузгі), закрытага ў лістападзе 2021 года праз міграцыйны крызіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча зьбіраецца ў лістападзе адкрыць два пераходы на мяжы зь БеларусьсюПрэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене 30 кастрычніка заявіла журналістам, што мела размову з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам і яны дамовіліся пакуль не адкрываць мяжу зь Беларусьсю. Раней у Польшчы заяўлялі, што гатовыя адкрыць два пункты пропуску. Ругінене падкрэсьліла, што Літва і Польшча ўзгадняюць дзеяньні і «ў цяперашні час межы (зь Беларусьсю) як у Польшчы, так і ў Літве застануцца закрытымі».
Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс паведаміў, што Літва вядзе перамовы з Польшчай аб закрыцьці мяжы зь Беларусьсю, і дадаў, што супольныя дзеяньні дадуць большыя вынікі. Урад Літвы вырашыў закрыць мяжу зь Беларусьсю на месяц.
Такое рашэньне зьвязана з прылётам беларускіх паветраных балёнаў, якія на мінулым тыдні чатыры разы ўрываліся на тэрыторыю Літвы і перашкаджалі працы аэрапортаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пункт пропуску Салечнікі цалкам закрыты, празь Меднікі з 14:30 прапускаюць «некаторыя катэгорыі асобаў»Што папярэднічала
Літва закрыла мяжу 27 кастрычніка пасьля шэрагу інцыдэнтаў, зьвязаных з масавым запускам з тэрыторыі Беларусі паветраных балёнаў нібыта з кантрабандай. У апошнім выпадку ў Літве налічылі 66 аэрастатаў. Праз гэта вымушаны былі спыняць некалькі разоў дзейнасьць Віленскага аэрапорту і адзін раз — у Коўне.
У той жа дзень Міністэрства замежных спраў Беларусі 27 кастрычніка выклікала часовага паверанага ў справах Літвы Эрыкаса Вілканецаса, каб уручыць ноту пратэсту «ў сувязі з чарговым аднабаковым закрыцьцём мяжы з боку Літоўскай Рэспублікі, ажыцьцёўленым безь якога-небудзь папярэдняга паведамленьня».
Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы двойчы спыняла дзейнасьць сваіх пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы.
Гэтаму папярэднічала перадача Літвой на адрас Менску ноту пратэсту ў сувязі з частымі і рэгулярнымі парушэньнямі літоўскай паветранай прасторы.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 28 кастрычніка заявіў, што аэрастаты, выяўленыя на тэрыторыі краіны, ня ёсьць сродкамі кантрабанды. Паводле яго, гэта «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў Літве».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менсктранс» і Ecolines пачалі скасоўваць рэйсы паміж беларускімі і літоўскімі гарадаміЗгодна зь інфармацыяй Генэральнай пракуратуры Літвы, ад студзеня да верасьня ў Літве зафіксавалі больш за 500 выпадкаў перамяшчэньня кантрабандных цыгарэт паветранымі балёнамі. 12 справаў суды ўжо разгледзелі, чатыры ў працэсу разгляду. 18 чалавек прызналі вінаватымі, агульная сума спагнаных зь іх штрафаў перавышае 111 тысяч эўра.
Генэральная пракурорка Ніда Грунскене асобна зьвярнула ўвагу на тое, што ў Крымінальным кодэксе Літвы няма тэрміну «гібрыдная вайна», але, нягледзячы на гэта, правяраюцца розныя вэрсіі, каб даказаць, што перамяшчэньне кантрабанды ў Літву — «арганізаваная дзейнасьць».
Пункт пропуску Салечнікі на мяжы зь Беларусьсю цалкам закрыты на нявызначаны тэрмін, празь Меднікі могуць перасякаць мяжу «толькі некаторыя катэгорыі асобаў».