Як паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі, у шэсьць разоў вырасла чарга легкавых транспартных сродкаў на выезд у Польшчу ў пункце пропуску «Берасьце» ў сувязі з закрыцьцём літоўскімі ўладамі мяжы з Беларусьсю.
Калі тыдзень таму выезду празь беларуска-польскую мяжу ў сярэднім чакалі 300-400 аўтамабіляў, то сёньня гэтая лічба перавысіла 2500, паведамляе мытны камітэт.
Грузавыя транспартныя сродкі, якія выяжджалі ў Эўразьвяз празь беларуска-літоўскую мяжу, таксама пераарыентаваліся на польскі і латвійскі кірункі.
Улады Беларусі накіравалі літоўскія грузавікі толькі празь беларуска-літоўскі ўчастак мяжы, пасьля гэтага, як паведамляе мытны камітэт Беларусі, колькасьць аўтамабіляў, якія чакаюць выезду ў Польшчу і Латвію, вярнулася да стабільных для цяперашняга часу лічбаў.
Цяпер выезду з пункту пропуску «Казловічы» на польскім кірунку чакае 2100 грузавых аўтамабіляў, з «Грыгораўшчыны» на латвійскім — 520, — паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.
31 кастрычніка ўрад Беларусі пастанавіў забараніць праезд літоўскім фурам праз пункты пропуску іншых краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Балёны разладу. Як Лукашэнка пасварыўся з усімі адразуШто папярэднічала
Літва закрыла мяжу 27 кастрычніка пасьля шэрагу інцыдэнтаў, зьвязаных з масавым запускам з тэрыторыі Беларусі паветраных балёнаў нібыта з кантрабандай.
У той жа дзень Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікала часовага паверанага ў справах Літвы Эрыкаса Вілканецаса, каб уручыць ноту пратэсту «ў сувязі з чарговым аднабаковым закрыцьцём мяжы з боку Літоўскай Рэспублікі, ажыцьцёўленым безь якога-небудзь папярэдняга паведамленьня».
Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы двойчы спыняла дзейнасьць сваіх пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы.
Гэтаму папярэднічала перадача Літвой на адрас Менску ноту пратэсту ў сувязі з частымі і рэгулярнымі парушэньнямі літоўскай паветранай прасторы.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 28 кастрычніка заявіў, што аэрастаты, выяўленыя на тэрыторыі краіны, ня ёсьць сродкамі кантрабанды. Паводле яго, гэта «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў Літве».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менсктранс» і Ecolines пачалі скасоўваць рэйсы паміж беларускімі і літоўскімі гарадаміЗгодна з інфармацыяй Генэральнай пракуратуры Літвы, ад студзеня да верасьня ў Літве зафіксавалі больш за 500 выпадкаў перамяшчэньня кантрабандных цыгарэт паветранымі балёнамі. 12 справаў суды ўжо разгледзелі, чатыры ў працэсу разгляду. 18 чалавек прызналі вінаватымі, агульная сума спагнаных зь іх штрафаў перавышае 111 тысяч эўра.
Генэральная пракурорка Ніда Грунскене асобна зьвярнула ўвагу на тое, што ў Крымінальным кодэксе Літвы няма тэрміну «гібрыдная вайна», але, нягледзячы на гэта, правяраюцца розныя вэрсіі, каб даказаць, што перамяшчэньне кантрабанды ў Літву — «арганізаваная дзейнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча адклала на некалькі тыдняў адкрыцьцё пунктаў пропуску на мяжы зь БеларусьсюАдкрытыя і закрытыя пераходы на мяжы Беларусі на 27 кастрычніка 2025 году