Урад забараніў рух па тэрыторыі Беларусі грузавікоў, зарэгістраваных ува ўсіх краінах ЭЗ

Эўрапейскія гразавікі на літоўска-беларускай мяжы. 28 кастрычніка 2025

Урад Беларусі выдаў пастанову аб ужываньні спэцыяльнага абмежавальнага захаду.

Паводле апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастановы, забараняецца перамяшчэньне па тэрыторыі Беларусі грузавых аўтамабіляў і цягачоў, зарэгістраваных у дзяржавах Эўрапейскага Зьвязу.

Рух па тэрыторыі Беларусі забаранілі для прычэпаў, зарэгістраваных у Польшчы і Літве, а таксама легкавых аўтамабіляў, зарэгістраваных у Польшчы, што выконваюць міжнародныя перавозкі адпаведна індывідуальным накладным або міжнародна-транспартным накладнымі CMR.

Абмежаваньні будуць дзейнічаць да 31 сьнежня 2027 году.

Раней паведамлялі пра забарону літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу

Што папярэднічала

Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. А з 27 кастрычніка закрыла яе для беларусаў цалкам.

Праз палёты балёнаў за восень 9 разоў закрывалі паветраную прастору над Віленскім аэрапортам. У тым ліку адзін раз ужо пасьля поўнага закрыцьця мяжы — 30 кастрычніка.

Закрыцьцё мяжы будзе дзейнічаць да першай гадзіны ночы беларускага часу 1 сьнежня — з магчымасьцю падаўжэньня.

28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка, пасьля кансультацыяў зь Літвой, перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў.

31 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рашэньню Польшчы пра адкрыцьцё памежных пераходаў папярэднічала дамоўленасьць пра вызваленьне Анджэя Пачобута і іншых палітвязьняў. Цяпер яна таксама адкладзеная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвінаваціў Польшчу ў невызваленьні Пачобута, Літву — у кантрабандзе, нахаміў амэрыканцам. Што яшчэ нагаварыў Лукашэнка