У ЗША спыненьне працы ўраду (шатдаўн) стала самым працяглым у гісторыі краіны, паведамляе NBC News.
Часовае прыпыненьне працы ўраду ЗША, якое адбываецца, калі Кангрэс ня можа дамовіцца аб фінансаваньні ўрадавай дзейнасьці, пачалося 1 кастрычніка і працягваецца ўжо 37 дзён і 7 гадзін, піша cnn.com.
Папярэдні рэкорд быў пастаўлены ў пачатку 2019 году, падчас першага тэрміну Дональда Трампа. Тады закрыцьцё ўраду працягвалася 34 дні і 21 гадзіну.
Кангрэс цяпер ня можа дамовіцца аб фінансаваньні ўраду, бо дэмакраты настойваюць на падаўжэньні падатковых ільготаў на мэдычнае страхаваньне і вылучэньні сродкаў на льготныя праграмы аховы здароўя. Рэспубліканцы адмаўляюцца падтрымліваць гэтыя патрабаваньні.
Для прыняцьця бюджэту недастаткова простай большасьці, якую маюць рэспубліканцы ў абедзьвюх палатах Кангрэсу. У Сэнаце, каб паставіць пытаньне на абмеркаваньне, патрэбна ня менш як 60 галасоў з 100.
Праз шатдаўн 650 тысяч фэдэральных дзяржаўных службоўцаў апынуліся ў неаплатным адпачынку. Яшчэ 600 тысяч чалавек, якія працуюць у крытычна важных сфэрах, вымушаныя працаваць без заробку (звычайна пасьля заканчэньня шатдаўну адпрацаваны час аплачваецца).
Ад 1976 году, калі Кангрэс увёў сучасны бюджэтны працэс, фэдэральны ўрад прыпыняў працу 21 раз. Часам перапынкі доўжыліся ўсяго некалькі гадзін — ня так доўга, каб паўплываць на працу ўраду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША прыпыняецца праца ўраду — перамовы рэспубліканцаў і дэмакратаў у Кангрэсе праваліліся ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нью-Ёрку прайшлі выбары мэра, у лідэрах кандыдат зь левымі поглядамі