Чаму Літва закрыла мяжу цяпер, хоць балёны зь Беларусі лятаюць ужо даўно?

Памежны пераход паміж Літвой і Беларусьсю каля Салечнікаў, Літва. 28 кастрычніка 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Сьцісла

  • Аналіз літоўскай статыстыкі паказвае: прылётаў балёнаў з кантрабандай у Літву зь Беларусі ў кастрычніку было менш, чым у сакавіку, траўні й верасьні
  • Паводле літоўскіх экспэртаў, прычынамі жорсткага адказу Вільні на працяг прылётаў балёнаў сталі прылёты баявых дронаў, рост колькасьці прылётаў балёнаў у параўнаньні зь мінулым годам, створаныя імі перашкоды авіяруху
  • Матывы перакрыцьця мяжы маглі быць зьвязаныя з палітыкай ЗША ў рэгіёне
  • Рашэньне літоўскага ўраду мела наступствы: Польшча адклала адкрыцьцё двух памежных пераходаў зь Беларусьсю, «балёнавы крызіс» стаў тэмай дыялёгу Вашынгтону і Менску
Балёны з кантрабандай зь Беларусі масава прылятаюць у Літву з пачатку 2024 году, колькасьць прылётаў у кастрычніку не была рэкорднай сёлета. Чаму Вільня вырашыла адказаць на гэты выклік менавіта цяпер?

Гэтае пытаньне зь Юрыем Дракахрустам абмяркоўваюць літоўскія экспэрты: вайсковы экспэрт Дарус Антанайціс і палітоляг Віціс Юрконіс.

Што паказвае статыстыка прылётаў у Літву балёнаў з кантрабандай?

Адказ на пытаньне, чаму Літва закрыла мяжу зь Беларусьсю, здавалася б, вядомы — бо зь Беларусі ў Літву залятаюць паветраныя балёны з кантрабандай. Аднак варта зьвярнуць увагу на кантэкст.

29 кастрычніка літоўскі ўрад прыняў рашэньне закрыць мяжу. У гэты ж дзень Свабода апублікавала з спасылкай на літоўскую памежную службу інфармацыю пра тое, што з пачатку 2025 году ў Літву заляцела 545 паветраных балёнаў з тэрыторыі Беларусі.

На наступны дзень памежная служба Літвы на сваім сайце апублікавала памесячную статыстыку прылётаў балёнаў з пачатку году.

Адрозьненьне ад інфармацыі, якую падала гэтая служба Свабодзе крыху раней — на адзін балён, які прыляцеў у кастрычніку.

Зьвесткі па месяцах — на наступным графіку:

З гэтага графіку відавочна, што сытуацыя з палётамі балёнаў у кастрычніку, прынамсі паводле колькасьці, не была экстраардынарнай. У сакавіку, траўні і ў верасьні іх прылятала зь Беларусі ў Літву нават больш, чым у кастрычніку.

І ў кожным разе ідзецца пра зьяву, якая доўжыцца ўжо даволі працяглы час.

Гэта ставіць пад сумнеў некаторыя вэрсіі, якія тлумачаць кастрычніцкі крызіс у адносінах Беларусі і Літвы як нейкае аднаразовае, беспрэцэдэнтнае здарэньне. Гэта тычыцца як вэрсіі пра «руку Масквы», гэтак і блытанага тлумачэньня Лукашэнкі, што балёны запускалі нейкія літоўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вусаў пра запуск аэрастатаў у Літву: Гэта магла быць спэцапэрацыя расейцаў

З графіку вынікае, што палёты балёнаў — вынік сыстэмнай, шматмесячнай, лягістычна забясьпечанай складанай працы. Магчыма, кантрабандыстаў. Магчыма, уладаў Беларусі. Магчыма, расейцаў, але чаму дагэтуль не было вядома аб дзейнасьці такой пастаяннай і добра арганізаванай расейскай структуры на тэрыторыі Беларусі? Магчыма, літоўцаў, але чаму ўлады Беларусі дазвалялі на сваёй тэрыторыі шмат месяцаў дзейнічаць замежнай крымінальнай групоўцы?

Міграцыйны і «балёнавы» крызісы: падабенства і адрозьненьні

Паводле зьвестак памежнай службы Літвы, апошнімі гадамі імкліва расла колькасьць прылётаў паветраных балёнаў з кантрабандай зь Беларусі. У 2022-м не было зафіксавана ніводнага, у 2023 годзе — усяго 3, але ў 2024-м — ужо 226 выпадкаў. За 10 месяцаў 2025 году ў параўнаньні з усім мінулым годам — рост амаль у два з паловай разы.

І гэта дадатковы доказ сыстэмнасьці, арганізаванасьці працэсу.

Відавочныя і аналёгія зь міграцыйным крызісам, і адрозьненьні ад яго. Да чэрвеня 2021 году нелегальная міграцыя зь Беларусі наагул не была праблемай для краінаў ЭЗ. Потым выбуховы яе рост, ужо ў канцы 2021 году — спад, у 2022–2025 гадах — ваганьні ўзроўню плыні нелегальнай міграцыі, якая паступова расла год ад году.

З балёнамі — выбуховы рост пасьля 2023 году, значны, у разы, рост у 2025 годзе ў параўнаньні з папярэднім.

Апісаная дынаміка «балённага крызісу» выяўляе ў іншым сьвятле рашэньне Вільні жорстка адказаць на яго. Ці была гэта насамрэч вымушаная рэакцыя на аднаразовы, хай і надзвычай моцны выклік? Ня выключана, што і была, калі, скажам, у кастрычніку ўпершыню балёны стварылі пагрозу дзейнасьці Віленскага аэрапорту і палётам самалётаў.

Чаму магла «лопнуць цярплівасьць» Вільні?

Аднак калі глядзець толькі на статыстыку, то рэакцыя Вільні ўкладаецца ў формулу «апошняй кроплі, якая перапоўніла чашу цярплівасьці»: адмоўную зьяву доўга трывалі, урэшце цярплівасьць скончылася.

Якімі маглі быць чыньнікі, якія падштурхнулі кіраўніцтва Літвы нарэшце прыняць рашэньне аб закрыцьці мяжы?

Дарус Антанайціс

Літоўскі вайсковы экспэрт Дарус Антанайціс тлумачыць у камэнтары Свабодзе, што трыгерам новай палітыкі Вільні адносна паветраных балёнаў сталі прылёты ў Літву баявых дронаў зь Беларусі.

«Насамрэч праблема кантрабандных паветраных балёнаў існуе ўжо некалькі гадоў. Страціўшы магчымасьць перавозіць цыгарэты ў вялікіх колькасьцях грузавікамі і цягнікамі, кантрабандысты спрабуюць рабіць гэта іншымі мэтадамі.

Раней рабілі спробы вырашыць гэтую праблему мэтадамі крымінальнай выведкі, але ўсё радыкальна зьмянілася, калі паветраную прастору Літвы парушылі баявыя бесьпілётнікі, адзін зь якіх нёс выбуховы зарад. Хоць я не прадстаўнік ураду Літвы, ані прадстаўнік якой-небудзь грамадзкай ці ўрадавай арганізацыі, з сваіх ведаў магу зрабіць выснову, што менавіта прылёт баявых дронаў стаў трыгерам, зь якога ўсё пачалося. Мы зразумелі, што ня маем магчымасьці выяўляць, ідэнтыфікаваць і зьнішчаць цэлі такога памеру. Таму шукалі рашэньне, і яно было знойдзенае. Былі залучаныя вайсковыя сродкі назіраньня, ідэнтыфікацыі й зьнішчэньня. Дзякуючы больш магутным і дакладным вайсковым сродкам назіраньня было выяўлена значна больш парушэньняў нашай паветранай прасторы», — кажа Дарус Антанайціс.

Паводле экспэрта, рэжым Лукашэнкі кантралюе і гэтыя палёты дронаў, і дзейнасьць крыміналітэту ў Беларусі.

«Улічваючы тое, што бесьпілётнікі змаглі пераляцець тэрыторыю Беларусі і былі дапушчаныя ў паветраную прастору Літвы, а таксама той факт, што рэжым Лукашэнкі кантралюе і розную злачынную дзейнасьць, у тым ліку кантрабанду, — усё гэта сьведчыць пра ягоны ўплыў на гэтыя падзеі. Усё гэта так ці інакш кантралюе КДБ Беларусі. Літва ўсьвядоміла, што гэта нясе пагрозу ня толькі паветранай навігацыі, але і што паветраныя балёны могуць быць абсталяваныя выбухоўкай, таму могуць быць чалавечыя і эканамічныя страты пры спробе зьбіць іх або перахапіць», — кажа Дарус Антанайціс.

Экспэрт мяркуе, што абмежаваньні для беларусаў, якія жывуць у Літве, могуць быць фактарам ціску на Лукашэнку.

«Шмат беларусаў працуюць у Літве і перавозяць заробленыя ў Літве грошы ў Беларусь, тым самым папаўняючы бюджэт рэжыму Лукашэнкі. Такім чынам, калі Літва закрывае памежныя пераходы, рэжым Лукашэнкі адчувае ня толькі сацыяльны ціск, але і палітычны, і эканамічны.

Чаму гэтага не зрабілі раней? Думаю, прычына простая: каб нешта зрабіць, трэба перагледзець свае рэсурсы, пераразьмеркаваць прыярытэты, сплянаваць і скаардынаваць дзеяньні, падрыхтаваць і праверыць працэдуры, усё гэта ўзгадніць з ЭЗ і NATO і, вядома, з суседзямі. Гэта патрабуе часу, але як толькі гэты мэханізм запушчаны, яго вельмі цяжка спыніць. Дыктатар Лукашэнка здолеў зрушыць яго зь месца і пачаў дзеяньні, якія ён сам ужо ня зможа кантраляваць, калі толькі ня спыніць гібрыдныя апэрацыі супраць нашай краіны, у тым ліку адпраўку нелегальных мігрантаў у ЭЗ празь Літву».

Віціс Юрконіс

Іншы літоўскі экспэрт, палітоляг Віціс Юрконіс пералічвае шэраг фактараў, з улікам якіх Вільня дала жорсткі адказ на «балёнавы» выклік, што ўзьнік насамрэч больш за год таму.

«Рэтраспэктыўна сытуацыя такая, што рэагаваць трэба было ўжо год таму. Але тады гэта ўспрымалася як усяго толькі кантрабанда. Але мы бачым за год рост памераў гэтай кантрабанды. І затрыманьняў кантрабандыстаў прыкладна ўдвая больш. Галоўныя вытворцы тытунёвай прадукцыі ў Беларусі — гэта „гаманцы“ рэжыму Лукашэнкі. І зразумела, хто мае выгаду ад гэтай кантрабанды.

Нашыя чыноўнікі тлумачаць зьмену пазыцыі тым, што зараз яны маюць больш інфармацыі, як гэтыя балёны запускаюцца. І гэта прымушае тлумачыць прылёты балёнаў ужо як гібрыдную атаку. Гэта нагадвае інструмэнталізаваную міграцыю, якая ідзе зь Беларусі з 2021 году.

Да таго ж варта ўлічваць кантэкст — палёты дронаў у Польшчу, Данію, Нямеччыну.

Там дроны, тут балёны — гэта ўспрымаецца як тэставаньне межаў дапушчальнага ў адносінах да краінаў NATO. І на гэта трэба было рэагаваць. Варта ўзгадаць, што і самалёт прэзыдэнта Літвы ня мог прызямліцца з прычыны трывогі, аб’яўленай праз налёт балёнаў. Сукупнасьць гэтых фактараў і стала прычынаю такой рэакцыі», — кажа Юрконіс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 545 балёнаў з кантрабандай і 50 дронаў за гэты год. Памежнікі Літвы расказалі Свабодзе, што прылятае да іх зь Беларусі

Амэрыканская палітыка ў рэгіёне і рашэньне Вільні закрыць мяжу

Ці не магла паўплываць на рашэньне літоўскіх уладаў новая палітыка ЗША адносна і Беларусі, і рэгіёну ў цэлым?

Літва вельмі крытычна выказвалася наконт палітыкі дыялёгу з афіцыйным Менскам, якую вядзе адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Нязгоду з гэтай палітыкай выказвалі і прэм’ерка Інга Ругінене, і міністар замежных справаў Кястуціс Будрыс.

Напачатку верасьня Пэнтагон паведаміў, што разглядае магчымасьць спыненьня праграмы амэрыканскай дапамогі войскам краінаў Усходняй Эўропы, галоўныя атрымальнікі якой — краіны Балтыі. Агучаныя пляны скарачэньня амэрыканскіх вайсковых кантынгентаў у Румыніі, Баўгарыі, Вугоршчыне і Славаччыне

Складана сказаць, ці зьменіць перакрыцьцё мяжы Літвой паводзіны Аляксандра Лукашэнкі. Але паводзіны іншых асобаў яно ўжо зьмяніла.

Польшча праз гэтае рашэньне Вільні перанесла тэрмін адкрыцьця двух памежных пераходаў зь Беларусьсю.

ЗША пагаварылі з Лукашэнкам пра крызіс у адносінах Беларусі зь Літвой. Пра гэта сьведчыць і допіс у сетцы Х прадстаўніка ЗША на перамовах зь Беларусьсю Джона Коўла, і аповед Лукашэнкі пра перамовы з амэрыканскімі прадстаўнікамі наконт балёнаў.

Ці мела рашэньне Вільні закрыць мяжу з Беларусьсю матывы, зьвязаныя зь пералічанымі чыньнікамі?

«Рэакцыя Літвы магла быць абумоўленая і тым, што ў дачыненьні да Беларусі тэма правоў чалавека і дэмакратыі на замову рэжыму адыходзіць на другі плян. А на першы плян выходзіць геапалітыка, Беларусь як прыхільнік міру і нэўтральны гулец. Тое, што мы чулі ў свой час ад спадара Макея, — адказвае Віціс Юрконіс. — Ну вось няхай Менск і пакажа, наколькі ён гатовы дыстанцыявацца ад расейскай ваеннай машыны. Пакуль мы чуем аб разьмяшчэньні ядзернай зброі, вось неўзабаве дадасца і „Орешник“. Мы памятаем, што зь беларускай тэрыторыі расейскія войскі нападалі на Ўкраіну. І калі нам турбавацца — калі да нас зь Беларусі ляцяць балёны, ці трэба дачакацца, калі зь Беларусі на Вільню пойдуць танкі?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Балёны разладу. Як Лукашэнка пасварыўся з усімі адразу