Сьцісла
- «Вялікая зьдзелка», пра якую казаў Лукашэнка, бачыцца малаімавернай.
- ЗША вызначылі стратэгію адносна Беларусі і ня будуць мяняць яе з прычыны кантрабанды цыгарэтамі.
- Вашынгтон — на баку Вільні, але на думку цяперашняй адміністрацыі ЗША, пытаньне бясьпекі эўрапейскіх краінаў — гэта найперш эўрапейскае пытаньне.
- Расея не зацікаўленая ў пабудове асобнай камунікацыі паміж Менскам і Вашынгтонам.
Чаму ЗША зьмякчаюць санкцыі адносна «Белавія» паступова?
— Учора ЗША зьнялі яшчэ некаторыя санкцыі зь «Белавія» — сама кампанія і афіляваныя зь ёй структуры выключаныя з санкцыйнага сьпісу, зьнятыя санкцыі з асабістых самалётаў і верталётаў Лукашэнкі. У чым сэнс такіх крокаў? А чаму не зьнялі гэтыя санкцыі адразу?
— Працэс прыпыненьня дзеяньня санкцыяў аказаўся больш складаным, чым гэта падавалася бакам напачатку.
Антон Пянькоўскі
Амэрыканскі бок пагадзіўся аслабіць санкцыі ў абмен на вызваленьне палітвязьняў. І амэрыканскі бок трымае слова, нягледзячы на бюракратычныя складанасьці і нават на шатдаўн, у выніку якога частка дзяржаўнага апарату ЗША прыпыніла працу. Але беларускае пытаньне нават засталося на парадку дня.
І свой крок ЗША зрабілі, нягледзячы на апошнія падзеі на мяжы Беларусі і Літвы і на даволі агрэсіўную рыторыку Аляксандра Лукашэнкі.
— Лукашэнка робіць саступкі маленькімі порцыямі, крокамі. Палітвязьняў вызваляюць невялікімі партыямі. ЗША дзейнічаюць гэтак жа, пакрокава, дазуючы саступкі?
— Так і ёсьць. Гэта нагадвае палітыку ў адносінах ЗША зь Беларусьсю ў 2015–2020 годзе. Тады амэрыканскі ўрад характарызаваў свой падыход выразам step by step, крок за крокам. І цяпер мы бачым працэс пабудовы даверу паміж бакамі. Даверу не ў сяброўскім разуменьні гэтага слова. А ў сэнсе наагул магчымасьці будаваць двухбаковыя адносіны, у якіх да апошняга часу давер быў на нулі. У ЗША засталося няшмат дыпляматаў, якія працавалі на беларускім кірунку ў канцы 2010-х гадоў.
І яны рухаюцца невялікімі крокамі. І давер будуецца не хваласьпевамі Лукашэнкі на адрас Трампа, як і ня цёплымі словамі Трампа пра Лукашэнку, а практычнымі дзеяньнямі і саступкамі.
Лукашэнка казаў пра «вялікую зьдзелку», адрасаваўшы гэтую прапанову і ЗША, і Эўразьвязу. Уяўляецца, што для такой угоды, якая адразу вырашала бы шмат праблемаў, шанцы невялікія. Прынамсі, ЗША будуць хутчэй ісьці вось такімі дробнымі крокамі адносна рэжыму, які яны за 30 гадоў добра вывучылі і да якога ўзровень даверу вельмі нізкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства фінансаў ЗША паінфармавала пра афіцыйнае зьняцьце абмежаваньняў зь «Белавіі»Чаму ЗША аслабілі санкцыі ў разгар крызісу паміж Літвой і Беларусьсю?
— Вы ўжо прыгадалі, што гэтае рашэньне ЗША было прынятае ў разгар крызісу ў адносінах паміж Беларусьсю і Літвой. А чаму? Вашынгтон хіба не на баку Вільні?
— На базавым узроўні Вашынгтон, безумоўна, на баку Вільні. Але варта зазначыць, што новая адміністрацыя ЗША, хоць і падтрымлівае базавыя прынцыпы NATO, але падкрэсьлівае, што пытаньне бясьпекі эўрапейскіх краінаў — гэта найперш эўрапейскае пытаньне і толькі потым — трансатлянтычнае. Яшчэ напачатку верасьня Вашынгтон паведаміў, што ня будзе выдзяляць сродкаў на падтрымку бясьпекі ў краінах Балтыі. Днямі падобнае ж рашэньне было агучанае адносна Румыніі.
Мы мусім разумець, што паводзіны Вільні ў час крызісу ў стасунках зь Менскам — гэта спосаб прыцягненьня ўвагі да сябе. І цяперашні стан гэтай праблемы ня быў пікам яе абвастрэньня.
Апошнім часам урады ўсіх краінаў ЭЗ вельмі напружыліся з прычыны нібыта памылковых атакаў ці незразумелых палётаў дронаў. Многія, у тым ліку і ў Літве, бачаць расейскія спробы прамацаць здольнасьць краінаў Эўропы супрацьстаяць расейскім выклікам.
Але ўласна палёты балёнаў не зьяўляюцца чымсьці новым, ня ёсьць новым і беспрэцэдэнтным выклікам. І Вашынгтон гэта добра разумее.
Мы бачылі камэнтар Джона Коўла, амэрыканскага перамоўцы зь Беларусьсю, што Менск мусіць прыпыніць падобныя інцыдэнты. Былі заявы Лукашэнкі пра кантакты з ЗША па гэтым сюжэце. Лукашэнка расказаў, што ён пры гэтым аблаяў матам амэрыканскіх суразмоўцаў. Аднак мяркую, што гэтая частка аповеду была для ягонага электарату. Але кантакт, гледзячы па ўсім, быў.
У ЗША стратэгічнае стаўленьне да Беларусі. Новая палітыка адносна яе была прынятая і зацьверджаная на розных узроўнях амэрыканскай улады. І мяняць яе з прычыны кантрабанды цыгарэтамі ня будуць.
Амэрыканцы бачаць вырашэньне пытаньня ва ўмацаваньні супрацьпаветранай абароны Літвы і Вільні. І яна аддадуць выкананьне гэтага самой Літве, Эўразьвязу і эўрапейскім чальцам NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краўцоў і Ніжнікаў — пра «вялікую ўгоду» Лукашэнкі і перамовы Коўла аб вызваленьні чарговай групы беларускіх палітвязьняўРасея — «трэці лішні» у дыялёгу Менску і Вашынгтону?
— На нядаўняй канфэрэнцыі ў эўразійскай бясьпецы ў Менску расейскі міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў назваў папярэдні раўнд зьняцьця санкцыяў зь «Белавія» «лукавай гісторыяй». У якой ступені цяперашняе аслабленьне санкцыяў на «Белавія» — адказ Лаўрову?
— Я ня думаю, што гэта адказ Лаўрову. Кіраўніцтва «Белавія» заяўляла, што ідзе пэўная праца адносна зьмяншэньня санкцыяў супраць кампаніі. Ну вось частка гэтай працы ўчора была пасьпяхова завершаная.
Але сама па сабе заява Лаўрова — адметная. Яна дэманструе, што Расея не зацікаўленая ў пабудове асобнай камунікацыі паміж Менскам і Вашынгтонам. Яны вельмі добра памятаюць, як і Вашынгтон, гісторыю стасункаў Захаду з Лукашэнкам, якому гэтыя стасункі былі патрэбныя для палітычнага выжываньня. І ён можа павесьці сваю гульню з ЗША, ня надта каардынуючы яе з Масквой.
Расея ў гэтым вельмі незацікаўленая. Яна хоча сама будаваць адносіны з ЗША і Маскве не хацелася б, каб Лукашэнка яе ў гэтым апярэджваў. Ёй больш даспадобы стан, калі Беларусь цалкам залежная ад Расеі і ізаляваная ад астатняга сьвету, найперш ад Захаду.
Наўпрост Расея ня можа спыніць дыялёг Менску і Вашынгтону, але можа чыніць правакацыі, ствараць розныя інцыдэнты, і спрабаваць расчароўваць ЗША ў стасунках з Лукашэнкам і Лукашэнку — у стасунках з ЗША.
Ці пойдзе Эўропа шляхам Трампа насустрач Лукашэнку?
— Ці мяняецца стаўленьне Эўразьвязу да ідэі дыялёгу з Менскам? Вось прыняты 19-ы пакет санкцыяў, Літва закрыла мяжу на месяц. Дык ніякай зьмены пазыцыі няма?
— ЗША — дзяржава, а ЭЗ — саюз дзяржаваў. ЗША больш цэнтралізаванае ўтварэньне, у якім прасьцей прымаць і мяняць рашэньні.
Брусэльская бюракратыя выбрала пэўны трэк адносінаў зь Беларусьсю і Расеяй, І яна ідзе гэтым шляхам, прымаючы новыя пакеты санкцыяў. Аднак нельга сказаць, што гэтыя санкцыі неяк зьмяняюць сытуацыю ў Беларусі. Як, дарэчы, пакуль нельга сказаць, што яе зьмяняе аслабленьне амэрыканскіх санкцыяў.
Але варта сачыць за палітыкай краінаў ЭЗ. Апошнім часам паступаюць пэўныя сыгналы зь Нямеччыны, а Славаччына і Вугоршчына адкрыта дэманструюць сымпатыі да рэжыму Лукашэнкі.
Я мяркую, што пэўны паварот палітыкі Польшчы адносна Беларусі наўпрост зьвязаны з новай палітыкай ЗША дыялёгу зь Менскам. Была заява намесьніка міністра замежных справаў Польшчы, паводле якога Варшава спадзяецца, што ў наступных партыях вызваленых палітвязьняў будуць польскія грамадзяне і супрацоўнікі «Белсату».
Сыгналы з Варшавы аб магчымасьці зьмякчэньня палітыкі адносна Беларусі хутчэй за ўсё зьвязаныя з амэрыканскай палітыкай, і Варшава, магчыма, узгадняе свае дзеяньні ў гэтым кірунку з Вашынгтонам.
Літва ж пайшла шляхам сэк’юрытызацыі сваёй палітыкі, абвяшчэньня Беларусі экзыстэнцыйнай пагрозай яе бясьпецы. Яна разьлічвае на ўмацаваньне бясьпекі за кошт сродкаў ЭЗ і NATO.
Здаецца, у апошняй партыі вызваленых палітвязьняў былі апошнія літоўскія грамадзяне за кратамі ў Беларусі. Таму ў працягу працэсу вызваленьня Літва ня мае вялікай зацікаўленасьці.
Амэрыканцы, у сваю чаргу, правяраюць, тэстуюць гіпотэзу, што Лукашэнка ўсё ж мае пэўную палітычную аўтаномію ад Масквы, што ён да пэўнай ступені самастойны гулец. Эўрапейцы ня могуць так хутка мяняць палітыку. І яны пакуль назіраюць за вынікамі амэрыканскага тэставаньня Лукашэнкі. Мяркую, што зьмены падыходаў ЭЗ да Беларусі калі і будуць адбывацца, то вельмі павольна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвінаваціў Польшчу ў невызваленьні Пачобута, Літву — у кантрабандзе, нахаміў амэрыканцам. Што яшчэ нагаварыў Лукашэнка