На сёньняшні дзень Беларусь разам з Турцыяй і Шры-Ланкой уваходзяць у групу «Партнэраў па дыялёгу». Цяпер зьявілася магчымасьць перабрацца ў больш высокую групу — «Дзяржавы-назіральніцы». Калі гэта здарыцца, Беларусь апынецца ў кампаніі такіх краінаў, як Аўганістан, Індыя, Іран, Манголія і Пакістан.
Аляксандар Лукашэнка, які 8 ліпеня прыляцеў ва Ўфу на саміт БРІКС і ШАС, учора падчас сустрэчы з Уладзімерам Пуціным заявіў, што «Беларусь абсалютна падтрымлівае дзеяньні БРІКС і ШАС на ўсясьветнай арэне». Ён адзначыў, што «нарэшце знайшліся арганізацыі, якія рызыкнулі вызначыць некалькі іншыя кірункі дзеяньня на ўсясьветнай арэне».
У першую, асноўную групу, ШАС уваходзяць Казахстан, Кыргызстан, Кітай, Расея, Таджыкістан і Ўзбэкістан.
Падчас размовы з прэзыдэнтам Расеі Лукашэнка падняў два блёкі пытаньняў.
Першы — праблемы Эўразійскага эканамічнага саюзу, асабліва зьвязаныя з уступленьнем Казахстану ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.
Другі — пытаньні беларуска-расейскага супрацоўніцтва. Тут, паводле Лукашэнкі, Беларусь перажывае няпростыя часы. Цяпер і Расея сутыкнулася з падобнымі праблемамі. Таму трэба супольна пераадольваць нэгатыўныя тэндэнцыі, «якія могуць узьнікнуць бліжэйшым часам».
Кіраўнік Беларусі заявіў, што ён плянуе сустрэцца ва Ўфе з прэзыдэнтамі чатырох краінаў.