Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьняў у калёніях Беларусі цяпер сьцерагуць і з дапамогай дронаў


Камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў заявіў, што для аховы беларускіх калёній выкарыстоўваюцца бесьпілётнікі.

«Забясьпечаная надзейная ахова папраўчых калёній, канваяваньне асуджаных і асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, — сказаў Карпянкоў на паседжаньні калегіі МУС, яго цытуе прэс-служба ведамства. — Для павышэньня якасьці выкананьня канвойных задач у сыстэму аховы калёній укаранілі бесьпілётныя лятальныя апараты».

Таксама Карпянкоў адзначыў, што ў Беларусі стварылі ўжо 10 аддзелаў спэцпрызначэньня, задачамі якіх зьяўляюцца контратэрарыстычныя дзеяньні, барацьба зь «незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі» і затрыманьне небясьпечных злачынцаў.

Раней паведамлялі пра 8 наваствораных атрадаў спэцназу — «Рысь» і «Беркут» у Менску, «Шторм» у Берасьці, «Тайфун» у Горадзенскай вобласьці, «Цыклён» у Астраўцы, «Буран» у Гомлі, «Тарнада» ў Аколіцы, і атрады спэцназу «Сьмерч» і «Гонар» зь ліку добраахвотнікаў і вэтэранаў.

Летась сваім указам Лукашэнка забараніў увоз, выраб і выкарыстаньне дронаў у Беларусі для грамадзян. Цяпер імі могуць карыстацца толькі юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі. Калі ІП ці юрыдычная асоба хоча завезьці дрон на тэрыторыю Беларусі, неабходна атрымаць дазвол у дэпартамэнце авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый.

Фізычным асобам улады далі 6 месяцаў, каб «рэалізаваць» (прадаць) свае дроны ІП ці юрыдычным асобам альбо перадаць дзяржаве на захоўваньне. Цяпер у Беларусі разглядаюць пытаньне ўзмацненьня адказнасьці за незаконнае выкарыстаньне бесьпілётнікаў, ажно да крымінальнай.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG