Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Стакгольме назвалі ляўрэатаў прэміі памяці Нобэля ў эканоміцы


Ёэль Мукір, Філіп Аґ’ён, Пітэр Говіт
Ёэль Мукір, Філіп Аґ’ён, Пітэр Говіт

Прэмію Швэдзкага нацыянальнага банку памяці Нобэля ў эканоміцы за 2025 год прызначылі за дасьледаваньні «росту, абумоўленага інавацыямі».

Прэмію ў эканоміцы 13 кастрычніка атрымалі навукоўцы Ёэль Мукір, Філіп Аґ’ён, Пітэр Говіт «за тлумачэньне эканамічнага росту, абумоўленага інавацыямі».

Генэральны сакратар Каралеўскай швэдзкай акадэміі навук Ганс Элегрэн (у цэнтры) абвяшчае ляўрэатаў прэміі памяці Нобэля ў эканоміцы за 2025 год. Стакгольм, 13 кастрычніка 2025 году
Генэральны сакратар Каралеўскай швэдзкай акадэміі навук Ганс Элегрэн (у цэнтры) абвяшчае ляўрэатаў прэміі памяці Нобэля ў эканоміцы за 2025 год. Стакгольм, 13 кастрычніка 2025 году

Пра гэта паведаміла Каралеўская швэдзкая акадэмія навук на цырымоніі ў Стакольме, завяршаючы Нобэлеўскі тыдзень.

«Ляўрэаты навучылі нас, што ўстойлівы рост нельга ўспрымаць як належнае, — гаворыцца ў заяве арганізацыі, якая прысуджае прэмію. — Эканамічная стагнацыя, а ня рост, была нормай на працягу большай часткі гісторыі чалавецтва. Іхная праца паказвае, што мы павінны ўсьведамляць пагрозы для далейшага росту і супрацьстаяць ім», — піша Reuters.

Каму дасталіся Нобэлеўскія прэміі 2025 году

У Осла назвалі ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі міру 2025 году Марыю Карыну Мачада.

Уладальнікам Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 2025 году стаў вугорскі празаік і сцэнарыст Ласла Краснагоркаі.

Краснагоркаі лічаць найважнейшым жывым аўтарам Вугоршчыны. Ён дасьледуе ў сваіх творах тэмы постмадэрнісцкай дыстапіі і мэлянхоліі.

Швэдзкая акадэмія ўшанавала яго за «пераканаўчую і празарлівую творчасьць, якая сярод апакаліптычнага жаху пацьвярджае сілу мастацтва».

Нобэлеўскую прэмію ў хіміі за 2025 год атрымалі трое навукоўцаў — Сусуму Кітагава, Рычард Робсан і Омар Ягі. Яны ўзнагароджаныя «за распрацоўку мэталаарганічных каркасаў».

Нобэлеўскі камітэт прысудзіў прэмію 2025 году ў галіне фізыкі таксама траім навукоўцам. Гэта Джон Кларк, Мішэль Дэварэ і Джон Мартыніс. Прэмію прысудзілі «за адкрыцьцё макраскапічнага квантава-мэханічнага тунэляваньня і квантаваньня энэргіі ў электрычным ланцугу».

Нобэлеўская прэмія ў фізіялёгіі і мэдыцыне прысуджана за дасьледаваньні ў галіне імуналёгіі. Яе атрымалі трое навукоўцаў з ЗША і Японіі — Мэры Бранкаў, Фрэд Рэмсдэл і Сімон Сакаґуці. Іх адзначылі за дасьледаваньні, зьвязаныя з пэрыфэрычнай імуннай талерантнасьцю.

  • Ляўрэатаў запрашаюць атрымаць узнагароды на цырымоніі 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Альфрэда Нобэля. Прэмія міру ўручаецца ў Осла, згодна зь ягоным жаданьнем, а іншыя цырымоніі ўзнагароджаньня праходзяць у Стакгольме.
  • Прэмія прадугледжвае грашовую ўзнагароду ў 11 мільёнаў швэдзкіх кронаў (1 мільён даляраў) з спадчыны стваральніка прэміі, швэдзкага вынаходніка Альфрэда Нобэля. Яна прысуджалася 117 разоў.
  • Сярод грамадзян Беларусі ёсьць двое нобэлеўскіх ляўрэатаў: Сьвятлана Алексіевіч (прэмія ў літаратуры 2015 году) і Алесь Бяляцкі (прэмія міру 2022 году).
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG