Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брагінскім раёне, дзе часта падаюць дроны, тры дні будуць правяраць сырэны паветранай трывогі


Брагін. Ілюстрацыйнае фота
Брагін. Ілюстрацыйнае фота

У Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці, дзе за апошні год упалі некалькі вайсковых дронаў, з 14 па 16 кастрычніка правераць гатоўнасьць усіх тэхнічных сродкаў апавяшчэньня да работы ў надзвычайных сытуацыях.

Як паведаміла раённая газэта «Маяк Палесься» з спасылкай на зварот Брагінскага раённага аддзелу надзвычайных сытуацыяў, у часе праверкі ўключаць электрамэханічныя сырэны й іншыя сыстэмы апавяшчэньня.

«Галоўны сыгнал — „Увага ўсім!“ — пачне тэставую трансьляцыю надзвычайнага паведамленьня. Ккаб пераканацца ў поўнай працаздольнасьці сыстэмы, ад грамадзян патрабуецца толькі адно: уключыць радыёпрымачы. Менавіта празь іх будзе перададзена паведамленьне, якое дазволіць ацаніць, наколькі эфэктыўна працуе ўвесь ланцужок — ад падачы сыгналу да яго ўспрыняцьця насельніцтвам», — піша раёнка.

У МНС падкрэсьлілі, што гукі сырэнаў у гэтыя дні «маюць выключна плянавы характар».

«Ніякіх дзеяньняў, апроч уключэньня радыё, ад жыхароў раёну не патрабуецца. Рэкамэндуецца захоўваць спакой, заставацца на сваіх месцах і чакаць завяршэньня праверкі», — адзначаецца ў публікацыі.

Адзначаецца, што пасьля тэставай сыгналізацыі сыстэма апавяшчэньня «вернецца ў штатны рэжым, і яе гатоўнасьць да рэальнага апавяшчэньня застанецца на высокім узроўні».

«Важна памятаць: такая праверка — гэта не нагода для панікі, а неабходная мера для забесьпячэньня вашай бясьпекі. Вашыя спакой і ўвага — зарука пасьпяховай работы ўсёй сыстэмы апавяшчэньня», — папярэдзілі мясцовыя ратаўнікі.

У той жа час пра зьмест надзвычайнага паведамленьня ў публікацыі нічога не паведамдяецца.

З пачатку году ў Брагінскім раёне адбылося некалькі выпадкаў падзеньня дронаў, імаверна — расейскіх, якімі Расея штодзень атакуе Ўкраіну.

Прынамсі, вядома, што сёлета ў лютым адзін дрон упаў у вёсцы Малажын — празь яе ўвесь час і вельмі часта лятаюць дроны. Украінскія маніторынгавыя каналы называюць паўднёвую частку Брагінскага раёну «шахедабан» (аўтабан для «шахедаў»).

1 кастрычніка, паводле выданьня «Флагшток», у Камарыне Брагінскага раёну ўпалі адразу два дроны. Паводле мясцовых жыхароў, на якіх спасылалася выданьне, адзін зь бесьпілётнікаў упаў недалёка ад АЗС і выбухнуў у лесе, а другі ўпаў на прыватны дом, праламаў дах, але ня выбухнуў.

Прадстаўнікі мясцовых уладаў ухіляюцца ад абмеркаваньня сытуацыі з дронамі. Дзяжурны пажарнай службы Камарына спачатку сказаў Свабодзе, што яго гэта не датычыць, але потым удакладніў, што 1 кастрычніка не дзяжурыў на зьмене, таму нічога ня ведае пра такі выпадак. Потым дадаў, што ягоныя калегі таксама нічога яму не расказвалі. У ААТ «Камарынскае» заявілі, што ня могуць даць ніякіх тлумачэньняў, іх гэта не датычыць, яны займаюцца сельскай гаспадаркай.

Украінскія маніторынгавыя каналы з 1 па 5 кастрычніка назіралі рух дронаў празь Беларусь і ў адваротным кірунку. Паводле іх, за гэты пэрыяд праз Брагінскі раён ва Ўкраіну — на Кіеўскую і Жытомірскую вобласьці — заляцелі сама меней тры дроны, а ў бок Беларусі з Жытомірскай і Валынскай вобласьцяў — сама меней чатыры дроны. Аднак ніводны з каналаў не паведамляў аб рэагаваньні ўладаў ці вайскоўцаў на гэтыя бесьпілётнікі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG