«Вядома ж, адносіны з нашымі суседзямі. Гэта Польшча традыцыйна, гэта Прыбалтыка. Напэўна, ня будзе вялікай таямніцай сказаць, што ў нас ёсьць каналы зносін з нашымі партнэрамі. Гэты дыялёг вядзецца. І ў тым ліку па лініі спэцслужбаў.
Я б сказаў, што разуменьне паміж намі паціху наладжваецца. Мы абмяркоўваем вострыя пытаньні і недзе выходзім на разуменьне ўзаемных інтарэсаў», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТАІвана Тэртэля пасьля нарады ў Лукашэнкі.
«Наш узаемны інтарэс — гэта стабільная сытуацыя ў рэгіёне, працуючая эканоміка, занятасьць людзей. Гэта спакойнае жыцьцё нашых грамадзян з пэрспэктывай на будучыню, адсутнасьць канфліктных сытуацый, разрадка ў цэлым той напружанасьці, якая ёсьць і аб якой мы ўсе практычна чуем», — дадаў Тэртэль.
Аляксандар Лукашэнка 14 кастрычніка правёў нараду ў пытаньнях «міжнароднай абстаноўкі і разьвіцьця беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў» з удзелам прэм’ера, кіраўніка сваёй адміністрацыі, дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі, генэральнага пракурора і старшыні КДБ.
Як паведаміў зьвязаны з прэсавай службай Лукашэнкі Telegram-канал «Пул первого», на нарадзе абмеркавалі «вялікую ўгоду» паміж Беларусьсю і ЗША, і прынцыпы, на якіх улады плянуюць аднавіць дачыненьні з амэрыканскім бокам.
Беларусь сапсавала дачыненьні з усімі сваімі суседзямі пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткага разгону акцый пратэсту ў 2020 годзе.
Вясной 2021 году на межах Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй пачаўся міграцыйны крызіс, які працягваецца і дагэтуль. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
Праз вялікую колькасьць спробаў незаконнага перасячэньня мяжы краіны закрылі большую частку памежных пераходаў на мяжы зь Беларусьсю.
Апроч таго, улады Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
Форум