Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Мадагаскару адлучыў прэзыдэнта ад выкананьня абавязкаў. Пратэсты ўзначалілі вайскоўцы


Пратэсты на Мадагаскары
Пратэсты на Мадагаскары

Тысячы маладых пратэстоўцаў, якія скандавалі лёзунгі супраць прэзыдэнта краіны Андры Радзуэліны ў сталіцы Антананарыву, выразна заяўлялі пра жаданьне зьмяніць уладу ў дзяржаве.

Нягледзячы на тое, што Андры Радзуэліна афіцыйна не пайшоў у адстаўку, у аўторак Нацыянальная асамблея абвясьціла яму імпічмэнт, і вайскоўцы падрыхтаваліся захапіць уладу, паводле словаў палкоўніка, які ўзначаліў паўстаньне ў падтрымку пратэстоўцаў, піша Reuters.

Хваляваньні на Мадагаскары выглядаюць тыповымі для пратэставых рухаў, якія ўзначальвае моладзь. Дэманстранты адчайна жадаюць пераменаў, але ня ведаюць, як яны будуць выглядаць, падкрэсьлівае выданьне.

Тое, што пачалося як паўстаньне супраць хранічнага дэфіцыту электраэнэргіі і вады на паўднёваафрыканскім востраве ў мінулым месяцы, хутка ператварылася ў патрабаваньне адстаўкі прэзыдэнта. Гэта набрала абароты ў мінулыя выходныя, калі элітны вайсковы загон, якое й прывяло Раджуэліну да ўлады ў 2009 годзе, падтрымала пратэст.

Адзін зь яго камандзіраў, палкоўнік Майкл Рандрыянірына, заявіў перад натоўпам і абвясьціў на нацыянальным радыё ў аўторак, што вайскоўцы распускаюць большасьць устаноў і будуць кіраваць краінай.

Грамадзкі гнеў адлюстроўвае падобныя дэманстрацыі ў такіх розных краінах, як Марока, Пэру і Нэпал, дзе моладзь выйшла на маршы, каб асудзіць няроўнасьць, беспрацоўе, кошт жыцьця, разбурэньне дзяржаўных службаў і хабарніцтва.

У пратэставага руху, аднак, няма правадыра, таму армія адыграла пэўную ролю ў перакульваньні сытуацыі супраць Радзуэліны. Цалкам імаверна, вайскоўцы захочуць пераняць уладу на Мадагаскары. Падаецца, гэта не хвалюе многіх пратэстоўцаў, нягледзячы на тое, што пасьля падзеньня ўлады Філібэрта Тырананы два наступныя вайсковыя лідэры разбурылі эканоміку дзяржавы.

Мадагаскар застаецца адной з самых бедных краінаў сьвету, нават у параўнаньні з большасьцю мацерыковай часткі Афрыкі. Тры чвэрці людзей жывуць за рысай беднасьці, паводле Сусьветнага банку, на 2,15 даляра ў дзень, і гэтая доля амаль не зьмянілася за чатыры дзесяцігодзьдзі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG