Украінскага грамадзянства пазбавілі мэра Адэсы Генадзя Труханава, былога народнага дэпутата Алега Царова і артыста балету Сяргея Палуніна. Пра гэта паведаміў Укрінфарм са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Пэтыцыю «Аб спыненьні грамадзянства Ўкраіны мэра Адэсы Генадзя Труханава» на сайце прэзыдэнта Ўкраіны падтрымалі больш за 25 000 чалавек. У дакумэнце гаворыцца, што ў адкрытых крыніцах неаднаразова зьяўляліся матэрыялы журналісцкіх расьсьледаваньняў, якія ўтрымліваюць зьвесткі пра наяўнасьць у Труханава пашпарту грамадзяніна Расеі і расейскага падатковага нумару. Гэтыя факты сьведчаць аб тым, што Труханаў мае двайное грамадзянства, што супярэчыць Канстытуцыі Ўкраіны, якая ўстанаўлівае прынцып адзінага грамадзянства.
Ураджэнец Херсону, танцор Сяргей Палунін адкрыта падтрымліваў кіраўніка Крамля Ўладзіміра Пуціна, называючы яго «вялікім лідэрам», і ўхваляў расейскую агрэсію супраць Украіны.
Алега Царова раней завочна асудзілі ва Ўкраіне на 12 гадоў за замах на тэрытарыяльную цэласьць дзяржавы.
Форум