Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раскулачваньне багатых», — Вольга Лойка пра намер уладаў павысіць падаходны падатак


Палата прадстаўнікоў
Палата прадстаўнікоў

Міністар па падатках і зборах Дзьмітрый Кійко паведаміў, што ў парлямэнце абмяркоўваюць магчымасьць увядзеньня новай, яшчэ больш высокай стаўкі падаходнага падатку. Паводле яго, гэта зробяць дзеля «падвышэньня справядлівасьці падаткаабкладаньня» — каб тыя, хто зарабляе больш, плацілі больш.

Кійко нагадаў, што ў Беларусі ўжо дзейнічае прагрэсіўная сыстэма падаткаў. З 2024 году стаўку павысілі да 25% для тых, хто зарабляе больш за 200 тысяч рублёў у год. Міністар адзначыў, што такіх людзей няшмат — з чатырох мільёнаў працаздольных грамадзян падвышаную стаўку заплацілі менш як восем тысяч чалавек. Гэта прынесла ў бюджэт каля 200 мільёнаў рублёў.

Цяпер улады хочуць увесьці яшчэ адну, трэцюю стаўку — для яшчэ больш багатых людзей. Кійко мяркуе, што яна закране прыкладна тысячу чалавек.

Галоўная рэдактарка праекту Plan B Вольга Лойка ў эфіры «ПіКа Свабоды» заявіла, што ідэя зрабіць падаткі больш высокімі мела б сэнс, але ўсё залежыць ад таго, куды пойдуць гэтыя грошы.

«Мусіць быць нейкі грамадзкі кансэнсус. У Скандынавіі такі падыход лічаць справядлівым. Калі б дадатковыя сродкі ішлі, напрыклад, на лячэньне дзяцей, каб бацькам не даводзілася зьбіраць грошы па ўсім сьвеце, гэта было б справядліва. Тады і заможныя людзі пагадзіліся б плаціць больш. Але я думаю, што гэтыя грошы пойдуць на рамонт даху „Камволю“ — у лепшым выпадку. Галоўнае, каб не на вайну. У нас жа няма грамадзкага кантролю за бюджэтам. Таму я ня думаю, што гэта будзе справядліва», — сказала яна.

Лойка таксама зьвярнула ўвагу, што ў той час, як у Беларусі хочуць «узяць больш з багатых», у Польшчы, напрыклад, прэзыдэнт прапануе зьменшыць падаходны падатак для сем’яў з двума дзецьмі — каб стымуляваць рост сярэдняй клясы.

«Сам падыход, што мы будзем раскулачваць багатых, бедным магчыма быў бы на карысьць. Іронія ў тым, што ў гэты ж час у Польшчы прэзыдэнт Наўродзкі хоча акурат зьменшыць падаходны падатак для сем’яў з двума дзецьмі, каб увогуле не плаціць. Нехта змагаецца з багатымі, а хтосьці — за вышыйшую нараджальнасьць сярэдняй клясы», — падсумавала яна.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG