Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Грузіі ўзмацнілі пакараньні за закрыты твар і перакрытыя дарогі падчас мітынгаў


Пратэст каля прэзыдэнцкага палацу ў Тбілісі, 4 кастрычніка 2025
Пратэст каля прэзыдэнцкага палацу ў Тбілісі, 4 кастрычніка 2025

У Грузіі на фоне штодзённых антыўрадавых пратэстаў, якія працягваюцца ў Тбілісі больш за 10 месяцаў, зноў зрабілі больш жорсткімі антымітынгавыя пакараньні.

Цяпер, калі дэманстранты хаваюць твар ці перакрываюць дарогі падчас акцый пратэсту, ім пагражае адміністрацыйны арышт да 15 сутак. За адмову спыніць мітынг на патрабаваньне паліцыі — да 60 сутак. У выпадку паўторных парушэньняў на працягу 12 месяцаў пагражае ўжо крымінальная справа і арышт тэрмінам да аднаго году.

Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі выдала адпаведане папярэджаньне 17 кастрычніка, паведамляе Newsgeorgia.

У той жа дзень стала вядома, што затрымалі яшчэ 16 чалавек. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 4 кастрычніка, калі мітынгоўцы штурмавалі прэзыдэнцкі палац. Агулам за ўдзел у гэтай акцыі затрыманыя ўжо 62 чалавекі, паведамляе «Эхо Кавказа» са спасылкай на міністра ўнутраных спраў Грузіі Гелу Геладзэ.

Акцыі пратэсту пачаліся яшчэ ў лістападзе 2024 году пасьля таго, як прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ заявіў пра часовае прыпыненьне перамоваў з Эўразьвязам. Праз палітыку цяперашніх уладаў, у прыватнасьці, прыняты імі закон аб «замежных агентах», спынілася эўраінтэграцыя Грузіі, хаця дзяржава шмат гадоў вяла перамовы пра ўступленьне ў ЭЗ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG