Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін узнагародзіў мэдалямі ігуменьню Гаўрыілу і пратаярэя Лемяшонка


Ігуменьня Гаўрыіла частуе сілавікоў у лістападзе 2020 году
Ігуменьня Гаўрыіла частуе сілавікоў у лістападзе 2020 году

Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін узнагародзіў мэдалём Пушкіна духоўніка Сьвята-Лізавецінскага манастыра ў Менску протаярэя Андрэя Лемяшонка і ігуменьню Гарадзенскага жаночага манастыра Гаўрыілу.

Пуцінскі ўказ ад 15 кастрычніка разьмешчаны на афіцыйным партале прававых актаў Расеі.

І Лемяшонка, і Гаўрыілу ўзнагародзілі «за вялікі ўклад у захаваньне і папулярызацыю за мяжой расейскай мовы і расейскай культуры». Абое вядомыя як прыхільнікі расейскай імпэрскай палітыкі.

Сьвецкае імя ігуменьні ГаўрыілыМарыя Мікалаеўна Глухава. Ёй 67 гадоў. Нарадзілася 12 чэрвеня 1958 году ў расейскім Саратаве, аднак зь дзяцінства жыла ў Беларусі.

Ігуменьня расказвала СТВ, наколькі ёй не спадабалася Горадня, калі яна прыехала туды ў 1992 годзе.

«Я калі прыехала сюды на гэтыя некалькі гадзін пасьля Ерусаліма, пасьля Масквы, там гэтыя пазалочаныя купалы, а тут гэты сакавік, абшарпаныя сьцены, дзесьці дамы нейкія, гразь на вуліцах, гэтыя касьцёлы. Шмат было недагледжанага, непрыбранага, толькі пачыналіся 1990-я гады. Я думаю: „Нават калі ўладыка мне прапануе, ні за што ў Горадні не застануся“», — казала манашка.

У 1995 годзе горадзенскі манастыр наведаў маскоўскі патрыярх Аляксей ІІ. Тады ён надаў Гаўрыіле сан ігуменьні. У 1998 годзе ў манастыр прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка. Ён пакінуў у кнізе ганаровых гасьцей запіс: «Захапляюся вашай мужнасьцю і адданасьцю вялікім каштоўнасьцям чалавецтва». Храм манастыра расьпісалі да 2000 году дзякуючы падтрымцы Лукашэнкі і Аляксея ІІ.

Ігуменьня Гаўрыіла мае шмат узнагародаў ад царквы і дзяржавы. Сярод іх ордэн Францішка Скарыны, прэмія Лукашэнкі «За духоўнае адраджэньне», званьне «Жанчына году», ордэн БПЦ Эўфрасіньні Полацкай.

Протаярэй Андрэй Лемяшонак — духоўнік Сьвята-Лізавецінскага манастыра ў Менску. Гэты манастыр падтрымлівае расейскую ваенную агрэсію ва Ўкраіне. Прычым рабіў гэта ня толькі на ўзроўні рыторыкі, але і зьбіраў грошы на рыштунак для расейскіх вайскоўцаў.

Для пазьбяганьня выплаты падаткаў за сваіх супрацоўнікаў Сьвята-Лізавецінскі манастыр вёў падвойную бухгальтэрыю, а каб пазьбегнуць падаткаў на прыбытак, маскаваў даходы пад ахвяраваньні, гаворылася ў мінулагоднім расьсьледаваньні «Бюро», падрыхтаваным з дапамогай ініцыятываў «Хрысьціянская візія» і «Кібэрпартызаны».

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG