Новы вырак палітвязьню Аляксею Галаўко
У Магілёве разглядалі чарговую крымінальную справу супраць анархіста Аляксея Галаўко, якога раней асудзілі на 12 гадоў калёніі. Палітвязьня прызналі вінаватым паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу («злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі калёніі»). Паводле зьвестак «АЧК-Беларусь», Аляксею дадалі яшчэ паўгода зняволеньня. Суд адбыўся 5 верасьня, але вядома пра яго вынік стала толькі цяпер. Аляксею прызначылі яшчэ паўгода ў калёніі. Агульны яго тэрмін цяпер складае 12 гадоў і шэсць месяцаў зняволення.
Аляксей Галаўко — жыхар Берасьця, яго затрымалі 5 сакавіка 2021 году ў рамках крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху. 6 верасьня 2022 году быў вынесены прысуд фігурантам справы, Аляксею прызначылі 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і накіравалі ў магілёўскую калёнію № 15. У канцы ліпеня 2025 г. стала вядома, што Аляксея трымаюць у ПКТ, піша «Вясна».