Норма замацаваная законам «Аб зьмене законаў па пытаньнях дзейнасьці органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях», апублікаваным 21 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша Позірк.
З дакумэнта вынікае, што работнікі МНС цяпер маюць права праводзіць асабісты надгляд грамадзян (у тым ліку маёмасьці пры іх), а таксама транспартных сродкаў (і рэчаў у іх), якія праходзяць або праяжджаюць на аб’екты органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях. Пры гэтым яны могуць выкарыстоўваць «спэцыяльныя тэхнічныя сродкі, тэхнічныя сродкі, што ажыцьцяўляюць гука- і відэазапіс».
У грамадзян, якія прыбываюць на аб’екты структур па надзвычайных сытуацыях, прадстаўнікі ведамства могуць правяраць дакумэнты, якія пацьвярджаюць асобу; дакумэнты, якія даюць права на ўваход і выхад асоб, уезд і выезд транспарту, унос і ўвоз, а таксама вынас і вываз маёмасьці.
Работнікі МНС таксама могуць «забіраць на часовае захоўваньне» прадметы, якія забаронена праносіць або правозіць на згаданыя аб’екты.
Пры выкананьні задач, «ускладзеных на органы і падразьдзяленьні па надзвычайных сытуацыях», прадстаўнікі ведамства раней у выпадку неабходнасьці маглі ўжываць фізычную сілу, а цяпер яшчэ і спэцыяльныя сродкі.
Да таго, як прымяніць сілу і спэцсродкі, работнік МНС павінен «дакладна і відавочна» папярэдзіць пра намер пайсьці на такі крок і даць дастаткова часу, каб яго патрабаваньні былі выкананыя. Выключэньне — выпадкі, калі прамаруджваньне «створыць непасрэдную небясьпеку для жыцьця работніка, іншых грамадзян або можа пацягнуць іншыя цяжкія наступствы».
Ва ўсіх выпадках, калі пазьбегнуць выкарыстаньня сілы, спэцсродкаў або зброі немагчыма, работнік абавязаны «імкнуцца нанесьці найменшую шкоду жыцьцю, здароўю, гонару, годнасьці і маёмасьці грамадзян, а таксама зрабіць захады па неадкладным аказаньні пацярпелым першай ды іншай неабходнай дапамогі».
Палата прадстаўнікоў прыняла адпаведны законапраект 3 кастрычніка. Тады член камісіі па нацыянальнай бясьпецы Анатоль Булаўка заявіў дэпутатам, што галоўная мэта дакумэнта — падвысіць бясьпеку грамадзян і ўзмацніць эфэктыўнасьць дзейнасьці органаў надзвычайных сытуацый.
7 кастрычніка праект закона ўхваліў Савет Рэспублікі. Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон 16 кастрычніка.
Форум