Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 13,8 рубля за кіляграм. Чаму ў Беларусі дарагія яблыкі


Яблыкі, ілюстратыўнае фота
Яблыкі, ілюстратыўнае фота

Беларусы скардзяцца, што яблыкі сёлета досыць дарагія. У крамах цэны на іх сягаюць амаль 13,8 рублёў за кіляграм. Прычына ня толькі ў малым ураджаі. Эканаміст патлумачыла, адкуль такія цэны на яблыкі.

Сярэднія цэны на яблыкі ў Беларусі — 4–5 рублёў за кіляграм. У сетцы крамаў Green цэны на імпартныя яблыкі даходзяць да 13,86 рубля за кіляграм, хоць ёсьць і беларускія па чатыры. Яблыкі ў e-dostavka каштуюць ад 3 да 7 рублёў за кіляграм, пераважна беларускія, але ёсьць завезеныя з Македоніі. У дастаўцы сеткі «Гіпа» прапануюць яблыкі ад 4,5 рубля за кіляграм (з Армэніі) да 6,5 рубля (з Нідэрляндаў), беларускія — па 6.

Цэны на яблыкі на беларускіх рынках даходзяць да 8 рублёў за кіляграм, хоць можна знайсьці і па 3–5 рублёў. Адна беларуская фэрмэрская гаспадарка прадавала ў верасьні яблыкі па 4 рублі за кіляграм.

Для параўнаньня, у Польшчы кіляграм яблыкаў у крамах каштуе таньней — прыкладна ад 0,5 да 1,5 эўра (або 1,5–4,5 рубля); у Літве — 0,9–1,8 эўра (або 2,7–5,4 рубля).

Адна з прычынаў высокіх цэнаў — сёлета малы ўраджай на яблыкі. Пра гэта і пішуць людзі ў сацыяльных сетках, і кажуць на дзяржаўным узроўні. Прэм’ер-міністар Аляксандар Турчын у верасьні заявіў пра малую ўраджайнасьць яблыкаў сёлета праз умовы надвор’я. Ён заўважыў, што ў адной з фэрмэрскіх гаспадарак Маладачанскага раёну зьбяруць толькі дзясятую частку ад леташняга ўраджаю. Сёлета ў траўні дэфіцыт яблыкаў прызнаваў Лукашэнка. Ён загадаў прадумаць іх закупку.

Найбольш яблыкаў у Беларусь імпартуюць з Польшчы: толькі сёлета ў жніўні пастаўкі склалі 655 тон польскіх яблыкаў. Пры гэтым Беларусь то абмяжоўвае заканадаўча імпарт прадуктаў, у тым ліку яблыкаў, з Эўразьвязу, то паслабляе.

Уплывае, колькі вырошчваюць, дзе захоўваюць і як канкуруюць

Эканаміст Анастасія Лузгіна патлумачыла ў гутарцы з Свабодай, што на цэны яблыкаў у Беларусі ўплываюць некалькі фактараў.

Па-першае, маштабы вырошчваньня. Прыкладам, польскія яблыкі таньнейшыя ў параўнаньні зь беларускімі, бо Польшча — лідэр у вырошчваньні яблыкаў у Эўропе. Чым большыя маштабы прадукту і чым больш яблыкаў зьбіраюць з аднаго дрэва, тым меншы сабекошт яблыка, тлумачыць экспэрт.

Анастасія Лузгіна
Анастасія Лузгіна

«Важна, як вырошчваюць яблыкі, наколькі ў Беларусі выкарыстоўваюць сучасныя тэхналёгіі або традыцыйныя спосабы вырошчваньня, звычайныя сады або сучасныя мэтодыкі, як, прыкладам, каля Варшавы, дзе ідзе максымізацыя ўраджайнасьці на адзінку зямлі», — камэнтуе Анастасія Лузгіна.


Па-другое, умовы захоўваньня. Яны ўплываюць на тое, колькі яблыкаў у выніку захоўваецца, а колькі гніе й ідзе на сьметнік, працягвае экспэртка.

«Пэрыядычна чыноўнікі падымаюць пытаньні, наколькі добра захоўваюцца яблыкі, ці частка гніе, што кладзецца на выдаткі пастаўнікоў, вытворцаў. Склады могуць не адпавядаць патрабаваньням», — разважае эканамістка.

Па-трэцяе, канкурэнтнасьць яблыкаў на рынку.

«У Беларусі больш жорсткае дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў. Гэта абмяжоўвае вытворцаў, не дае магчымасьці свабодна канкураваць. Гэта датычыць і ўгнаеньняў, якія выкарыстоўваюць для падкорму, цэны на іх таксама рэгулююць. Гэта адбіваецца на канкурэнцыі. У выніку цэны нягнуткія», — кажа Лузгіна.

Па-чацьвёртае, цэны на імпартаваны тавар вышэйшыя.

«Беларусь ня лідэр у вытворчасьці яблыкаў. То забараняюць увоз польскіх яблыкаў у краіну, то дазваляюць. Калі сваіх прадуктаў недастаткова, то іх замяняюць імпартным таварам. Хутчэй за ўсё гэты тавар будзе даражэйшы, бо польскія яблыкі трэба завезьці ў Беларусь, а гэта пытаньні лягістыкі, канвэртацыі валюты», — тлумачыць эканамістка.

Субсыдаваньне фэрмэраў

Дзяржава субсыдуе вытворцаў садавіны і гародніны. Сёлета ўрад павялічыў фінансаваньне дзяржаўнай праграмы «Аграрны бізнэс» прыкладна на 1 мільярд рублёў. Гэтыя грошы ідуць на субсыдыі і будаўніцтва, рэканструкцыю і мадэрнізацыю пладасховішчаў.

Субсыдаваньне фэрмэраў — нармальная практыка ў сельскай гаспадарцы, тлумачыць Анастасія Лузгіна. Многія краіны дапамагаюць фэрмэрам, і ня толькі ў вырошчваньні яблыкаў, — праз выдачу субсыдыяў, грантаў, крэдытаў, бо сельская гаспадарка вельмі залежыць ад клімату, у ёй падвышаныя рызыкі.

«Пытаньне, наколькі ў Беларусі гэта эфэктыўна. Субсыдыі — гэта добра. Але для больш эфэктыўнага вырошчваньня яблыкаў патрэбныя яшчэ іншыя рэсурсы: веданьне ня толькі таго, як пасадзіць сад, але як яго вырошчваць, якія ўгнаеньні выкарыстоўваць, як зьбіраць. Гэта патрабуе сродкаў і спэцыялістаў. Пакуль што мы бачым, што хутчэй за ўсё рэсурсаў недастаткова», — разважае эканамістка.

На дзяржаўных прадпрыемствах, у калгасах хутчэй будуць больш традыцыйныя віды гаспадараньня, менш эфэктыўныя, дадае Лузгіна.

«Калі б гэта быў уласьнік, які б працаваў выключна ў рынкавай эканоміцы, то ён бы перадусім думаў, як павысіць ураджайнасьць. Магчыма, ён бы павялічыў свае расходы на больш эфэктыўныя ўгнаеньні, купіў бы новыя гатункі дрэваў. Але для гэтага ён мусіць разумець, што потым зможа рэалізаваць яблыкі па той цане, якая ў яго сфармавалася. Магчыма, гэтыя яблыкі будуць даражэйшыя, але рынак дазволіць гэта зрабіць», — разважае экспэртка.

Калі ж эканоміка працуе ва ўмовах жорсткіх цэнавых абмежаваньняў, фэрмэры хутчэй за ўсё ня могуць сабе дазволіць правесьці рэнавацыю, павысіць эфэктыўнасьць, бо гэта зьвязана з дадатковымі выдаткамі, якія адаб’юцца на цане, працягвае Лузгіна. Але калі цэны рэгулюе дзяржава, то фэрмэрам гэта можа быць нявыгадна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG