Як паведамляецца на сайце ініцыятывы, мапа Смоліча — гэта першая беларускамоўная мапа нашай краіны. Яна прайшла вайсковую цэнзуру Польшчы 27 верасьня 1919 году і была надрукаваная ў майстэрні «N. Mac i syn» у Вільні.
Аўтар мапы — адзін з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі і першы прафэсар геаграфіі ў БССР Аркадзь Смоліч. Мапа мае фізычна-адміністрацыйны характар, які ў многіх дэталях адпавядае падручніку «Географія Беларусі», выдадзеным Смолічам вясной 1919 году таксама ў Вільні.
«Гэтая мапа ўнікальная тым, што на ёй адлюстраваная ўся тагачасная тэрыторыя жыхарства беларусаў. Перад намі паўстае краіна, якая тэрытарыяльна пераўзыходзіць большасьць эўрапейскіх дзяржаў, хоць фактычна яна такой і не паўстала», — сказаў кіраўнік ініцыятывы Павал Мацукевіч.
На мапе фіксуюцца ўласна беларускія назвы геаграфічных аб’ектаў: Вільня, Менск, Горадня, таксама Нямеччына, Маскоўшчына.
Мапу Смоліча набылі ў Польшчы ў прыватнага калекцыянэра на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў Дар’і Сьліж і Ільлі М.
У будучыні яе перададуць у Клічаўскі краязнаўчы музэй у якасьці грамадзкага падарунку. Да вяртаньня на радзіму мапа будзе выстаўляцца за мяжой. Ахвочыя таксама змогуць купіць копію гэтай мапы.
«У савецкі час мапа Смоліча была забароненая, бо паказвала Беларусь як незалежную дзяржаву. Яна захавалася ў некалькіх асобніках, і нам пашчасьціла набыць адзін зь іх. Мы радыя, што разам з партнэрамі даем магчымасьць кожнаму чалавеку купіць копію і такім чынам вярнуць мапу да жыцьця», — сказаў апякун ініцыятывы Рыгор Астапеня.
Ініцыятыва Maldzis заснаваная ў верасьні 2024 году і названая ў гонар Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцьця страчаныя беларускія каштоўнасьці й імёны. Задума стварэньня праекту Maldzis належыць былому дыплямату і часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Швайцарыі Паўлу Мацукевічу. У сваёй колішняй дыпляматычнай працы ён займаўся акурат падобнымі справамі.
Maldzis бачыць сваю місію ў аб’яднаньні беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаваньні вобразу Беларусі як эўрапейскай краіны, гаворыцца на афіцыйнай старонцы ініцыятывы.
Раней ініцыятыва ўжо выкупіла Статут ВКЛ на польскай мове, які выйшаў у сьвет у друкарні Віленскай акадэміі езуітаў у 1693 годзе, паўтарыўшы рэдакцыю 1648 году, зробленую ў Варшаве, а таксама Радзівілаўскую мапу, надрукаваную ў Амстэрдаме ў 1631 годзе.
Форум