Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пашырылі кола спэцыяльнасьцяў, па якіх змогуць працаваць замежнікі без сталага дазволу на жыхарства


 Бальніца хуткай мэдыцынскай дапамогі ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Бальніца хуткай мэдыцынскай дапамогі ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі зацьвердзіла пералік прафэсій працоўных і пасадаў служачых, на якія могуць прымаць замежнікаў і асобаў без грамадзянства, якія ня маюць дазволу на сталае жыхарства ў Беларусі.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, цяпер замежнікі могуць атрымаць працу па 29 прафэсіях рабочых і па 18 спэцыяльнасьцях служачых.

У 2024 годзе пералік уключаў 20 прафэсій рабочых і 15 пасадаў службоўцаў.

З 1 студзеня 2026 году замежнікаў змогуць прымаць гароднінаводамі, на шэраг рабочых вакансій у прамысловасьці па апрацоўцы скуры, прадаўцамі, інжынэрамі-электронікамі, электрамэханікамі, мэдычнымі братамі па ўсіх мэдычных спэцыяльнасьцях, тэхнікамі і фэльчарамі па ўсіх мэдспэцыяльнасьцях.

«Пры прыёме на працу замежнікаў па прафэсіях і на пасады, уключаныя ў пералік, наймальнікам дастаткова паведаміць орган унутраных спраў. У іншых выпадках наймальніку трэба атрымаць спэцыяльны дазвол і давесьці, што вольныя працоўныя месцы ня могуць заняць грамадзяне Беларусі і замежнікі, якія маюць дазвол на жыхарства», — адзначылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі.

Згодна зь інфармацыяй Службы занятасьці, на 28 кастрычніка ў Беларусі налічваецца 178 663 вакансій і 16 276 рэзюмэ ў гэтым жа банку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG