Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізацыя Justice for Journalists апублікавала даклад пра зьняволеных журналістаў, у тым ліку беларускіх


Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш
Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш

Паводле праваабарончай арганізацыі, 103 супрацоўнікі мэдыя знаходзяцца ў беларускіх і расейскіх турмах, папраўчых калёніях.

Беларусь: 28 журналістаў за кратамі, новыя мэтады перасьледу

Неўзабаве Міжнародны дзень барацьбы зь беспакаранасьцю за злачынствы супраць журналістаў. Праваабарончая арганізацыя Justice for Journalists агучыла статыстыку зьняволеньня журналістаў у Беларусі і Расеі.

У Беларусі сёньня 28 супрацоўнікаў мэдыя пазбаўленыя волі на тэрмін ад трох да 14 гадоў. У верасьні журналіст Ігар Ільяш быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі з абвінавачаньнем у «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Ягоная жонка, журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева (Бахвалава), за кратамі з 2020 году, — гаворыцца ў дакладзе.

Сёлета ўлады Беларусі вызвалілі 15 журналістаў-палітвязьняў. Аднак, паводле старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, яны былі «… фактычна дэпартаваныя з краіны разам зь іншымі вызваленымі палітвязьнямі на незразумелых юрыдычных падставах і безь якіх-небудзь дакумэнтаў і тлумачэньняў».

Адсюль можна зрабіць выснову, што яшчэ адным мэтадам ліквідацыі незалежнай журналістыкі ўнутры Беларусі стала прымусовая экспатрыяцыя.

«У Беларусі працягваюць заводзіць новыя крымінальныя справы — ня толькі супраць тых, хто ўсё яшчэ ў Беларусі, але й супраць тых, хто за мяжой. Такія справы заводзяць у межах так званых „адмысловых працэдураў“ — гэта значыць без удзелу абвінавачаных і часта нават без апавяшчэньня іх пра завядзеньне справы. Улады, імкнучыся абмежаваць інфармацыю пра рэпрэсіі ўнутры Беларусі і прымусіць журналістаў да самацэнзуры, ціснуць на сваякоў як зьняволеных журналістаў, так і тых, хто пакінуў краіну», — адзначыў для дакладу старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец.

У Беларусі завочна асуджаныя на тэрмін да 20 гадоў прынамсі 13 супрацоўнікаў мэдыя. Сярод найбольш распаўсюджаных крымінальных артыкулаў — «арганізацыя масавых беспарадкаў» і «нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы».

Зьняволеныя ўкраінскія журналісты

Варта зьвярнуць увагу, што сярод 75 журналістаў у турмах Расеі 27 — гэта ўкраінцы з акупаваных расейцамі Крыму, частак Херсонскай і Запароскай вобласьцяў.

Іх асудзілі на дзесяцігодзьдзі пазбаўленьня волі паводле гучных абвінавачаньняў, сярод якіх «удзел у тэрарыстычнай арганізацыі», «дзяржаўная здрада» і «дывэрсія».

«Мы асабліва занепакоеныя сытуацыяй з нашымі калегамі, захопленымі Расеяй у палон. Гэтыя журналісты пазбаўленыя ня толькі свабоды, але й асноўных правоў чалавека, у тым ліку права на зносіны з сваімі сем’ямі або атрыманьне юрыдычнай дапамогі. Дзеяньні Расеі — сур’ёзнае парушэньне міжнароднага гуманітарнага права. Мы заклікаем усясьветную супольнасьць актывізаваць намаганьні дзеля іх вызваленьня», — заявіў прэзыдэнт Нацыянальнага зьвязу журналістаў Украіны Сяргей Таміленка.

Сьпісы тэрарыстаў і заклікі да вызваленьня

Як у Расеі, так і ў Беларусі, акрамя крымінальнага перасьледу, супрацоўнікаў мэдыя рэгулярна ўносяць у афіцыйныя рэестры «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў». Такі «ярлык» блякуе ім доступ да банкаўскіх рахункаў, абмяжоўвае распараджэньне маёмасьцю і фінансавыя апэрацыі, а таксама перашкаджае міжнародным паездкам. У Беларусі гэта прыводзіць і да канфіскацыі маёмасьці.

У Міжнародны дзень барацьбы за спыненьне беспакаранасьці за злачынствы супраць журналістаў 2 лістапада арганізацыя Justice for Journalists разам з прадстаўнікамі незалежных мэдыя зь Беларусі, Украіны і Расеі заклікае да вызваленьня ўсіх журналістаў, якіх кінулі за краты за прафэсійную дзейнасьць, і да ўмацаваньня глябальных мэханізмаў абароны свабоды СМІ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG